Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Эканамічны агляд тыдня прафэсара Ўладзімера Кулажанкі.

Цягам мінулага тыдня ўрад і вэртыкальныя ўлады прыклалі нямала намаганьняў, каб выканаць дадзенае Аляксандрам Лукашэнкам абяцаньне зьліквідаваць да 1 верасьня запазычанасьць у заробкавай плаце, уключаючы заробкі за ліпень.

Для дасягненьня пастаўленае мэты ўрад пайшоў на шэраг надзвычайных захадаў. Напрыклад, Савет міністраў даслаў адмысловы ліст за подпісам першага намесьніка прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова кіраўнікам усіх міністэрстваў і ведамстваў, а таксама Нацыянальнага й камэрцыйных банкаў з прапановаю правесьці выплату заробкавае платы за жнівень на 10 дзён пазьней вызначанага тэрміну. Мэта — з’эканоміць грошай для пераадоленьня шматмесяцовае запазычанасьці ў заробкавай плаце ў сельскай гаспадарцы, прамысловасьці й будаўніцтве, пазьбегнуь эмісіі грошай і ўзмацненьня інфляцыі.

Але абяцаньне Лукашэнкі не было выканана. На канец жніўня, паводле дадзеных аддзелу працы Мінсельгасхарчу, запазычанасьць у заробкавай плаце толькі ў сельскай гаспадарцы складае 9 мілярдаў рублёў, хоць час ужо плаціць за жнівень. Як бачым, ніякія адміністрацыйныя захады не даюць станоўчага плёну, бо не закранаюць прычыну паўсталага напружаньня.

А прычыны дзьве: нізкая прадукцыйнасьць працы і эфэктыўнасьць вытворчасьці пры адміністрацыйнай сыстэме гаспадараньня, а таксама непамерныя нажніцы цэнаў, якія на сёньня для калгасаў і саўгасаў у разьліку на год складаюць адмоўнае сальда памерам 200 млрд. рублёў. Пры такой умове забясьпечыць рэгулярную выплату заробкаў і нармальнае вядзеньне гаспадаркі фактычна немагчыма.

За чэрвень і ліпень запазычанасьць у заробках захоўваецца ва ўсіх рэгіёнах краіны, а ў асобных гаспадарках — яшчэ за красавік і травень. Бацькі школьнікаў калгасу “Сьветач” Чэрвеньскага раёну ў адчаі заявілі, што не пашлюць сваіх дзяцей у школу, няма за што іх абуць і апрануць, купіць школьны рыштунак, бо калгас не аплаціў ім заробак ажно з красавіка.

“Вэртыкаль” Лукашэнкі шукае выйсьця, між іншым, не на эканамічным полі, а толькі адміністрацыйным чынам. У мінулы чацьвер створаная адмысловая ўрадавая камісія кантролю за пераадоленьнем запазычанасьці ў заробкавай плаце ва ўсіх сфэрах эканомікі. І ачольваць яе Лукашэнка даручыў старшыні камітэту дзяржаўнага кантролю Анатолю Тозіку. У яе склад увайшлі многія міністры, у тым ліку й старшыня КГБ Ўладзімер Мацкевіч. Склад камісіі сьведчыць пра мэтоды, якімі яна будзе карыстацца. Чакаць ліквідацыі прычынаў запазычанасьці ў заробках ня варта.

Уладзімер Кулажанка, Менск

XS
SM
MD
LG