Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт дазволіў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ правесьці шэсьце й жалобную паніхіду ў Лошыцкім Яры з мэтаю памінаньня ахвяраў бальшавіцкага тэрору. Акцыя прымеркаваная да Дня памяці «Дзяды».

Шэсьце распачнецца а палове на першую дня ад Дому культуры камвольнага камбінату. А 13-й гадзіне ў сядзібным парку “Лошыца” пройдзе жалобная паніхіда. Арганізатары спадзяюцца на ўдзел у памінаньні бязьвінна загіблых людзей да пяцісот чалавек.

Прэсавы сакратар КХП БНФ Валеры Буйвал распавядае, як будзе абдывацца акцыя:

(Буйвал: ) «Людзі прыйдуць са сьвечкамі, са сваімі ўспамінамі, болем, памяцьцю. Прадстаўнікі Сьвіслацкай Рады КХП не плянуюць ставіць гэтае мерапрыемства ў нейкія жорсткія рамкі, ствараць сцэнар. Пройдзе маўклівае шэсьце, людзі прыйдуць да крыжа ў Лошыцкім Яры, будуць маліцца. Будзе некалькі кароткіх выступаў. Людзей будзе аб'ядноўваць памяць пра нашых дзядоў, пра ахвяраў нашага народу.»

Лошыцкі Яр — адна з соцень беларускіх мясьцінаў, дзе напрыканцы трыццатых — пачатку саракавых гадоў адбываліся масавыя расстрэлы тых, каго камуністычная ўлада залічвала ў «ворагі народу».

(Буйвал: ) «Адметнасьцю гэтага месца пакутніцтва ёсьць тое, што ў Лошыцкім парку – у Белай Дачы, дзе цяпер месьціцца філія Нацыянальнага мастацкага музэю – тады месьціўся спэцыяльны аддзел НКВД, што займаўся перабежчыкамі з Заходняй Беларусі. Гэтыя няшчасныя людзі пераходзілі праз мяжу ў Савецкі Саюз, спадзеючыся знайсьці тут шчасьлівае жыцьцё і паратунак, і ўсе яны траплялі ў лапы НКВД. На канвеер сьмерці.»

Савецкія ўлады Беларусі ў свой час зрабілі шмат, каб зьнішчыць сьведчаньні й памяць пра злачынствы супрацоўнікаў НКВД. Так, амаль адразу ж, калі стала вядома пра злачынствы чырвонага рэжыму ў Лошыцкім парку, на мейсцы масавых расстрэлаў і пахаваньняў збудавалі аўтамабільную стаянку.

Тым ня менш, памяць пра падзеі часу сталінскіх рэпрэсіяў захавалася. Сьведчаньнем гэтага — штогадовыя жалобныя акцыі ў Курапатах і Лошыцкім Яры.

Ягор Маёрчык, Менск

XS
SM
MD
LG