Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Першая беларуская баявая машына распрацавана спэцыялістамі прыватнага прадпрыемства “Мінатор–сэрвіс”. Прадстаўнікі фірмы сьцьвярджаюць, што гатовыя наладзіць сэрыйную вытворчасьць гэтага невялікага “танка”, які здольны на даўгія выведныя рэйды па тылах праціўніка.

На палігоне Калодзішчы пад Менскам прадэманстраваная баявая машына выведкі пад умоўнай назваю 2-Т. Тэхніка такога кшталту ўпершыню цалкам зробленая ў Беларусі. Ва ўсялякім разе, кіраўнік фірмы–вытворцы “Мінатор–сэрвіс” Валер Грабеньшчыкоў запэўніў радыё Свабода, што машына сканструяваная і сабраная цалкам на айчынных плошчах. У Беларусі яна й будзе вырабляцца, але некаторыя дэталі й вузлы будуць паступаць з Расеі ды Ўкраіны.

Спадар Грабеньшчыкоў не хаваў інфармацыі адносна тых краінаў, на якія арыентуюцца вытворцы: “Гэтая машына ў першую чаргу вырабляецца для нашых краінаў, Расеі ды Беларусі, але, калі будуць іншыя ахвотнікі, мы і ім прададзім”, — паведаміў кіраўнік “Мінатор–сэрвіс”.

Кошт прапанаванае на рынак ўзбраеньняў навінкі Спадар Грэбеньшчыкоў не назваў, спаслаўшыся на тое, што яшчэ ніводная машына не прададзеная.

Машына выведкі 2-Т, паводле спэцыялістаў, сапраўды, пераўзыходзіць ранейшыя аналягі, якія цяпер на ўзбраеньні ў Беларусі, іншых краінах СНД і Ўсходняй Эўропы. Беларуская мадэль прынцыпова новая, пацьвярждаюць спэцыялісты. Яна на гусенічнай хадзе разьвівае хуткасьць да 95 кілямэтраў у гадзіну, на ўзбраеньні мае аўтаматычныя гармату й гранатамёт, кулямёт і ўстаноўкі для супрацьтанкавых і зэнітных ракетаў, абсталявана апаратураю, якая дазваляе весьці выведку ў далёкім тыле ворага. Яшчэ адна адметнасьць — машына можа знаходзіцца ў аўтаномным рэйдзе да тысячы кілямэтраў, але самае галоўнае, паводле канструктараў, у яе вытворчасьці выкарыстана тэхналёгія малое прыкметнасьці, што зьніжае верагоднасьць таго, што яна будзе заўважаная радарамі праціўніка.

“Калі тое, пра што кажуць канструктары, праўда, зьяўленьне такое машыны з пункту гледжаньня вайсковай эфэктыўнасьці можна толькі вітаць. Але я сумняюся, што 2-Т хутка зьявіцца ў беларускім войску, бо яна будзе каштаваць ня менш як некалькі соцень тысячаў даляраў, а такіх грошай у беларускага войску няма”, — пракамэнтаваў зьяўленьне навінкі былы міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі.

На ягоную думку, ня шмат такіх машын купіць і Расея. “Хутчэй за ўсё, вытворцы 2-Т арыентуюцца на трэція краіны, якія могуць даць за такую тэхніку сапраўдныя грошы”, — лічыць экс-міністар абароны.

Паводле спэцыялістаў, праект і вытворчасьць новае баявое машыны, як і іншых праграмаў узбраеньня, цалкам кантралюецца Радаю Бясьпекі Беларусі, хаця фірма “Мінатор–сэрвіс” і лічыцца прыватнай. Згодна з крыніцамі, на гэтай жа фірме вядзецца распрацоўка некаторых новых узораў зэнітнае тэхнікі.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG