Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Ідэя стварэньня ўраду нацыянальнага даверу, якую два тыдні таму агучыў Старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Сямён Шарэцкі, сёньня была скэптычна ўспрынятая сябрамі Нацыянальнага выканаўчага камітэту — ценявага ўраду Беларусі.

Выканаўца абавязкаў старшыні Нацыянальнага выканаўчага камітэту Мечыслаў Грыб наступным чынам пракамэнтаваў абмяркаваньне гэтага пытаньня:

(Грыб: ) “Мы разважалі і прыйшлі да высноваў, што цяпер няма падставаў ствараць ценявы ўрад народнага даверу, таму што няма для гэтага ні юрыдычных, ні іншых падставаў. У Канстытуцыі 1994 году працэдура такая: прэзыдэнт прызначае прэм’ер-міністра, прэм’ер уносіць прапановы, усё гэта ўзгадняецца і потым паступае на зацьвярджэньне ў Вярхоўны Савет. Сам па сабе ВС ня мае магчымасьці стварыць урад. Можна ствараць, што хочаш, але ж трэба, каб былі для гэтага юрыдычныя падставы. Каб было абвешчана, што Сямён Георгіевіч выконвае абавязкі прэзыдэнта – тады б ён унёс прапанову, і ВС вымушаны б быў разглядаць гэтае пытаньне – зацьвярджаць альбо не.”

І яшчэ адна думка істотна паўплывала на настрой сяброў Нацыянальнага выканаўчага камітэту. Уладзімер Нісьцюк назваў прапанову Сямёна Шарэцкага ва ўмовах падрыхтоўкі да прэзыдэнцкіх выбараў шкоднаю, бо яна адцягвае ўвагу ад галоўнае мэты.

На сёньняшнім паседжаньні Васіль Шлындзікаў ад імя Асацыяцыі садзейнічаньня эканамічнаму разьвіцьцю прадставіў блёк законапраектаў, што накіраваныя на рэфармаваньне эканомікі краіны. Гэты блёк, у які ўваходзяць законы “Аб іпатэцы”, “Аб інвацыйных прадпрымальніцкіх зонах” ды іншыя, усяго 8, цалкам тычыцца прадпрымальніцтва.

Сярод распрацоўшчыкаў новага заканадаўства вядомыя эканамісты і юрысты: Сяргей Балыкін, Леанід Злотнікаў, Юры Трыфанаў, Валер Фадзееў ды іншыя. Як зазначыў Васіль Шлындзікаў, гэтыя дакумэнты ствараюць падмурак эканомікі будучае Беларусі. Яны ўжо накіраваныя ва ўрад, асобныя міністэрствы, розныя аб’яднаньні прадпрымальнікаў. Нацыянальны выканаўчы камітэт вырашыў накіраваць увесь блёк заканапраектаў для разгляду на паседжаньні Вярхоўнага Савету Беларусі.

Дарэчы, пачалася праца й над апошнімі двума блёкамі — аграрным і фінансавым. Паводле ейных вынікаў можна будзе казаць, што падрыхтаваная глеба для карэннае перабудовы ўсёй эканамічнай сыстэмы Беларусі.

Андрэй Саньнікаў паінфармаваў сяброў ценявага ўраду пра рэакцыю міжнароднае супольнасьці на вынікі выбараў у “Палату прадстаўнікоў”. На ягоную думку, першым значным выпрабаваньнем пазыцыі міжнароднае супольнасьці ў адносінах да новага воргану будзе паседжаньне Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, якое прызначанае на 13 лютага 2001 году, і на якім будзе зробленая спроба далучыць да гэтай аўтарытэтнай арганізацыі “Палату №2”, якая толькі што створаная ў Беларусі.

Уладзімер Глод, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG