Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Аляксандар Лукашэнка накіраваў у адстаўку свайго памочніка Аляксандра Сазонава.

Былы міністар прадпрымальніцтва Аляксандар Сазонаў быў прызначаны на пасаду памочніка Лукашэнкі напрыканцы красавіка сёлета. На гэтай пасадзе Сазонаў быў куратарам Менску. Рашэньне наконт прызначэньня Сазонава было прынятае напярэдадні выбараў у гэтак званую “Палату прадстаўнікоў”. Відавочна, што гэтае прызначэньне было зробленае дзеля таго, каб кантраляваць працэс парлямэнцкіх выбараў, а таксама весьці падрыхтоўку да выбараў прэзыдэнта.

Інтрыгі пачаліся яшчэ напярэдадні выбараў. Паводле чутак, прадстаўнікі розных уладных кланаў не маглі дамовіцца пра кандыдатаў, якія мусілі былі трапіць у “Палату прадстаўнікоў”. І хутчэй за ўсё, Сазонаў апынуўся ў цэнтры гэтых інтрыгаў. Магчыма, што прадстаўнікі кланаў нешта не падзялілі, а адказваць за гэта давялося Сазонаву.

Да таго ж зразумела, што Аляксандар Лукашэнка быў незадаволены хадою выбарчае кампаніі ў Менску. Яўка была вельмі нізкая, а фальшаваньні — празьмерна відавочнымі. Беларускі Гэльсынскі камітэт падрыхтаваў справаздачу пра парушэньні пад час выбараў, тэкст якое складае 70 старонак.

Значная частка такіх парушэньняў была зробленая менавіта ў Менску. У гэтым, натуральна, быў вінаваты ня толькі Аляксандар Сазонаў. Аднак вядома, што Лукашэнку патрэбна было знайсьці некага, хто адкажа за правал выбараў. Адказваць давялося былому менскаму куратару. Аляксандар Лукашэнка нават не дачакаўся візыту ў Лівію, ён накіраваў у адстаўку Сазонава адразу пасьля другога туру выбараў.

Можна прагназаваць, што адстаўка Аляксандра Сазонава не апошняя паводле вынікаў выбарчае кампаніі. А напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў кадравых зьменаў можа быць яшчэ больш.

Ганна Навумовіч, Менск

XS
SM
MD
LG