Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У сёньняшнім нумары New York Times зьмешчаны рэдакцыйны артыкул пад загалоўкам “Апошні тыран Эўропы”. Пасьля нядаўняга адхіленьня ад улады прэзыдэнта Югаславіі Мілошавіча, шэраг заходніх палітыкаў і выданьняў гавораць, што зараз чарга беларускага дыктатара.

“Зыход Слабадана Мілошавіча пакінуў у Эўропе толькі аднаго дыктатара – Аляксандра Лукашэнку,” – піша New York Times. Газэта нагадвае, што ў 94-м годзе ва ўзросьце 39-ці гадоў Лукашэнка, робячы выгляд змагара з карупцыяй, быў легітымна абраны прэзыдэнтам Беларусі. “Аднак пазьней гэты яўны прыхільнік Гітлера заявіў, што самі беларусы хочуць, каб ён вярнуў ім сталінскі лад кіраваньня. Пры падтрымцы Расеі Лукашэнка поўнасьцю захапіў ўладу ў краіне. Гэта было асабліва бачна падчас апошніх парляманцкіх выбараў.

Лукашэнка нэўтралізаваў апазыцыю ў значна большай ступені, чым Мілошавіч у Сэрбіі”. New York Times нагадвае зьнікненьні апазыцыйных палітыкаў, затрыманьні прыхільнікаў байкоту выбараў, зьбіваньні і гэтак далей. Калі ў Югаславіі была дазволеная дзейнасьць незалежнага вяшчаньня, у Беларусі апазыцыя мела магчымасьць скарыстаць толькі некалькі незалежных газэтаў.

Паводле New York Times, Лукашэнка утрымоўваецца пры ўладзе дзякуючы ягоным адносінам з Масквою. Ён дазволіў Расеі разьмясьціць на сваёй тэрыторыі радарныя ўстаноўкі недалёка ад межаў НАТО і загарантаваў бясьпеку трубаправодам для транзыту газу на Захад. Калі Расея і Беларусь абьяднаюцца, Расея поўнасьцю адновіць сваю вайсковую прысутнасьць у Беларусі, і гэткім чынам зьдзейсьніць запаветную мару некаторых расейцаў аб рэканструкцыі Савецкага Саюзу.

Уладзімір Пуцін павіншаваў Лукашэнку са “свабоднымі і справядлівымі“ выбарамі. “Такая падтрымка абараняе Лукашэнку ад зьнешняга ціску, легітымізуе ягоную ўладу ўнутры краіны і падпірае эканоміку пастаўкамі энэгранозьбітаў ды іншай дапамогай. Што цікава, – піша амэрыканская газэта, – паводле беларускай апазыцыі, прыхільна да Лукашэнкі ставіцца нават Нямеччына. Нямецкія дыпляматы ў Беларусі падахвочваюць капіталаўкладваньні ў беларускую эканоміку і супрацоўнітва з цяперашнім рэжымам. Паводле ФРГ, да часу, пакуль Лукашэнку падтрымоўвае Масква, Бэрлін таксама не павінен адварочвацца ад яго”.

Незадавальненьне насельніцтва Беларусі значнае, але не нагэтулькі вялікае, каб перакласьціся на непрыйманьне палітычнай улады. На думку New York Times, выглядае, што ў бліжэйшай будучыні адхіленьне Лукашэнкі ад улады мала праўдападобнае. Лукашэнка ўмела скарыстоўвае настроі старэйшага пакаленьня, якое сумуе па абьяднаньні з Расеяй. “Аднак, зьмены ў Беларусі магчымыя, – піша амэрыканская газэта. – Дзевяць галоўных апазыцыйных партыяў папярэдне дамовіліся аб супрацоўніцтве. І гэта адзіны шанец, каб перамагчы Лукашэнку на выбарах у наступным годзе, – піша New York Times.

Кастусь Бандарук, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG