Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Газэта Таварыства Беларускае Мовы імя Францішка Скарыны “Наша слова” атрымала папярэджаньне Дзяржкамдруку. Гэта адбылося напярэдадні 31 кастрычніка, калі выданьне адзначае трохгодзьдзе з таго дня, калі яно стала недзяржаўным і цалкам пачало фінансавацца на ахвяраваньні сяброў ТБМ.

Дзяржкамдрук абвінавачвае газэту “Наша слова” ў парушэньні артыкулу 5 Закону аб друку і іншых сродкаў масавай інфармацыі, а менавіта ў публікацыі звароту незарэгістраванай арганізацыі. Маецца на ўвазе надрукаваны ў “Нашым слове” 6 верасьня зварот групы гарадзенскіх дэмакратычных вэтэранаў. Аўтары звароту выказалі занепакоенасьць катастрафічным станам беларускае мовы ды заклікалі зрабіць неадкладныя захады ў выпраўленьні сытуацыі, у прыватнасьці, адчыніць нацыянальны ўнівэрсытэт.

Як успрыняў абвінавачваньні ў парушэньні Закону галоўны рэдактар газэты Станіслаў Суднік.

(Суднік: ) “Сапраўды, такі зварот быў надрукаваны. А само па сабе папярэджаньне ня мае юрыдычных падставаў, таму што мы ня мелі на ўвазе грамадзкую арганізацыю, якая называецца “Гарадзенскае аб’яднаньне дэмакратычных вэтэранаў” – проста мелі на ўвазе групу грамадзянаў, адзін зь якіх – спадар Мельнікаў – падпісаў гэты зварот. Друкуючы зварот нейкай групы грамадзянаў, мы нічога не парушаем. Фактычна гэтае папярэджаньне беспадстаўнае: проста мы лічым, што трапілі пад раздачу, калі папярэджвалі ўсіх, хто пачаў друкаваць заяву аргкамітэту “Выбар-2001”.

Лічыць галоўны рэдактар газэты “Наша слова” Станіслаў Суднік. Сваю нязгоду з вынесеным папярэджаньнем ён зьбіраецца пісьмова выкласьці старшыні дзяржкамдруку Міхалу Падгайнаму.

Алег Трусаў, старшыня Таварыства Беларускае Мовы, чыім друкаваным ворганам зьяўляецца газэта “Наша слова”, таксама мае намер выказаць Дзяржкамдруку сваю нязгоду з папярэджаньнем, якое, дарэчы, напісанае па-расейску — што асабліва абурыла тэбээмаўцаў і што яны ўспрынялі як зьдзек і з Таварыства, і з газэты. Тым больш, калі ўлічыць, што расейскамоўнае папярэджаньне надасланае напярэдадні трохгодзьдзя выхаду “Нашага слова” як недзяржаўнае народнае газэты.

Валянціна Аксак, Менск

XS
SM
MD
LG