Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Увага заходніх аналітыкаў прыцягнутая сёньня да муніцыпальных выбараў у Косаве, што адбыліся напярэдадні. Касавары аддалі перавагу партыям, якія выступаюць за незалежнасьць Косава – новы ўрад Югаславіі адмовіўся прызнаць вынікі гэтых выбараў. Паводле міжнародных назіральнікаў, галасаваньне было вольным і сумленным.

Камэнтатар у сёньняшняй International Herald Tribune з доляй іроніі зазначае, што ў той час, як параза Мілошавіча зьявілася добрай навіной для дэмакратычна настроенай часткі грамадзтва ў Югаславіі– яна стала кепскай навіной для косаўскіх альбанцаў, настроеных, яе і раней, па-незалежніцку. Карэспандэнт Сьцівен Эрлянгэр робіць выснову: “Падзеньне Мілошавіча для незалежніцкіх спадзяваньняў касавараў – катастрофа. Абраньне ў Белградзе відавочна памяркоўнага, законапаслухмянага сэрба – Каштуніцы – пахавала гэтыя спадзяваньні, а, значыць, у Косаве можна чакаць яшчэ больш небясьпечных выбухаў.”

Эрлянгэр цытуе словы аднаго касавара: маўляў, альбанцы патрабавалі б незалежнасьці, нават калі б Сэрбіяй кіравала Маці Тэрэза.

Сходнае меркаваньне выказвае і гішпанская El Mundo. У рэдакцыйным артыкуле зазначаецца: “Саюзьнікі, якія прыйшлі на дапамогу Косаву, бачаць цяпер, што касавары патрабуюць яшчэ больш незалежнасьці, і разглядаюць апошнія выбары не як крок да дэмакратызацыі, а крок да незалежнасьці. Новы галаўны боль для тых, хто думаў, што падзеі на Балканах цяпер пад кантролем.”

Аглядальнік французскай Dernieres Nouvelles d'Alsace піша аб тым жа. “На гэтых дэмакратычных выбарах касавары яскрава прадэманстравалі, што бачаць для сябе толькі адзіную будучыню – па-за Югаслаўскай Фэдэрацыяй. Нягледзячы на тое, што самакіраваньне не было прадметам апошняга галасаваньня – усе партыі праводзілі выбарчую кампанію пад гэтымі лёзунгамі.”

Брытанская Financial Times падзяляе занепакоенасьць. Газэта адзначае, што апублікаваныя на мінулым тыдні рэкамэндацыі міжнароднай камісіі на чале са швэцкім прэм’ерам Пэрсанам – правакацыйны ўнёсак у дыскусію аб канчатковым статусе Косава. Камісія адкідае як варыянт поўнай незалежнасьці, гэтак жа і варыянты пратэктарату і аўтаноміі ў межах дэмакратычнай Югаслаўскай Фэдэрацыі, прапаноўваючы замест гэтага нешта, званае “умоўнай незалежнасьцяй”, што далёка не адпавядае спадзяваньням касавараў, а таксама ня ўлічвае дынамікі дэмакратычных пераўтварэньняў у Сэрбіі.

Лёнданская Independent бадай адзіная, якая ўважае, што акурат цяпер насьпеў час для незалежнасьці Косава. На думку газэты, нават калі саюзьнікі за часамі Мілошавіча дапамагалі Косаву, пытаньня аб незалежнасьці краю ніхто не ўздымаў. “Гэтае табу павінна быць парушанае, хаця б цяпер быў і ня самы зручны момэнт з пункту погляду дапамогі Каштуніцу,” – завяршае сёньняшняя Independent.

Алена Радкевіч, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG