Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 28 кастрычніка)
Эканамічны агляд мінулага тыдня прафэсара Ўладзімера Кулажанкі.

Пасьля “Дажынак” у Шклове шумная кампанія пераможных рэляцыяў пра посьпехі ў сельскай гаспадарцы раптам скончылася. Няма нават афіцыйнай абвесткі — колькі збожжа засыпана ў збожжасховішчы. Між тым, вынікі сельскагаспадарчага году зусім ня радасныя. Намалочаныя каля 5 млн. тон збожжа — гэта бункэрнае збожжа. Пасьля ачысткі й асушкі трэба адкінуць мінімум 500 тысячаў тонаў. Паўтары мільёны тон прададзена дзяржаве й 300 тысячаў пайшлі на насеньне азімых. Дзесь 200 тысячаў выкарыстаныя пры натуральных разьліках з хлебаробамі.

Калі засыпалі насеньне яравых, дык выявілася, што фуражнага збожжа амаль не засталося. Так сталася, напрыклад, у Шумілінскім раёне Віцебскае вобласьці, Крупскім раёне на Меншчыне ды ў іншых мясьцінах. Нават у Гомельскай вобласьці, дзе намалацілі 600 тысячаў тонаў збожжа, або на 163 тысячы болей чым летась, склалася такая ж сытуацыя. Таму дзяржава ўжо клапоціцца пра закупку збожжа за мяжою. Днямі як вялікі посьпех у перамовах з губэрнатарам Валагодзкае вобласьці была ацэнена згода расейцаў паставіць у Беларусь 50 тысячаў тонаў збожжа фуражнага й 10 тысячаў тонаў харчовага.

Марудна йдзе завяршэньне ўборкі бульбы, буракоў, уздым зябліва. З-за дэфіцыту паліва шматлікія гаспадаркі нават не распачыналі восеньскае ворыва. І наогул, паліўны крызыс паралізаваў працу калгасаў ды саўгасаў.

Што датычыцца жывёлагадоўлі, дык тут працягваецца зьніжэньне літаральна ўсіх паказьнікаў. Напрыклад, пагалоўе буйное рагатае жывёлы ў параўнаньні зь мінулым годам, які, як вядома, быў ня лепшым, скарацілася на 160 тысячаў галоваў, ці на 4%, сьвіней — на 5%. Зьнізіліся надоі малака й прывагі. З гэтае прычыны скараціўся аб’ём закупак жывёлы й птушкі аж на 6%. У Менску ды іншых гарадох адчуваецца дэфіцыт мяса. Узьнікаюць чэргі. Каб не інтэнсыўны закуп мяса ды малака ў прыватнікаў, сытуацыя была б яшчэ горшай. Як-ніяк, а з пачатку года ў прыватных гаспадароў куплена больш як 500 тысячаў тонаў малака, амаль па 100 літраў на кожнага месьціча.

Не прадбачыцца паляпшэньня спраў у жывёлагадоўлі і ў гэтую зіму, бо прырост аб’ёмаў нарыхтаваных кармоў у разьліку на галаву жывёлы склаў толькі 3 цэнтнэры кармавых адзінак. Тым часам у многіх гаспадарках, як, напрыклад, у калгасе “ХХІІ партзьезд” (вёска Хатоўня Рагачоўскага раёну) дагэтуль стаяць няскошаныя заліўныя сенажаці.

Не відаць зрухаў і ў аплаце працы вяскоўцаў. Няма адкуль браць грошы. Ня маючы заробкаў, людзі цягнуць з гаспадаркі, што могуць: сена, буракі, салому, бульбу… Справа дайшла да буйных крадзяжоў. У калгасе “імя Сьвярдлова” Шклоўскага раёну скрадзены малакавоз, а ў калгасе “Радзіма” ажно 14 цялушак.

Уладзімер Кулажанка, Менск

XS
SM
MD
LG