Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 27 кастрычніка)
Кіраўнік “Газпрому” Рэм Вяхіраў, які 27 кастрычніка пабываў у Менску ды меў сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам і Ўладзімерам Ярмошыным, заявіў сёньня, што ягоны канцэрн плянуе пракласьці яшчэ два газаводы празь Беларусь, апрача газаводу “Ямал—Заходняя Эўропа”, які напалову ўжо змантажаваны.

Беларускі прэм’ер Уладзімер Ярмошын на сустрэчы з дэлегацыяй “Газпрому” дзякаваў Рэму Вяхіраву за тое, што “ў гэты складаны год” газ у Беларусь паступаў няспынна:

“Дзякуючы стабільнай пастаўцы газу “Газпромам”, мы, шчыра кажучы, выжылі ва ўсіх гэтых цяжкасьцях, якія ішлі хвалямі, адна за адной — замаразкі , рост цэнаў на нафту… Калі б не тая лінія, якую вы ажыцьцяўляеце ў дачыненьні да Беларусі, было б нам вельмі складана”, — зазначыў Уладзімер Ярмошын Рэму Вяхіраву.

Спадар Ярмошын спадзяецца, што сёлета Беларусь атрымае яшчэ 16,8 млрд кубамэтраў расейскага газу. Пры гэтым прэм’ер абяцаў вытрымліваць, паводле ягоных словаў, стратэгічную лінію “плаціць, і плаціць грашыма”.

Рэм Вяхіраў галоўнай задачаю на гэты момант назваў менавіта неабходнасьць дамагчыся спраўнага выкананьня плацяжоў за газ і пагашэньня запазычанасьцяў.

Рэм Вяхіраў прызнаў, што праблема даўгоў існуе ня толькі ў дачыненьні Беларусі ды іншых краінаў СНД, але і ў самой Расеі, дзе таксама яшчэ ня ўсе акуратна плацяць за газ.

Беларуская запазычанасьць “Газпрому” апошнім часам складае каля чвэрці мільярда даляраў, і цяпер Беларусь спраўна аплочвае толькі бягучыя пастаўкі.

Як лічыць аглядальніца ў пытаньнях нафтагазавага комплексу “Белорусской газеты” Натальля Грыб, у нашай прамысловасьці няма магчымасьці пагасіць старыя газавыя даўгі.

(Грыб: ) “Поўнага пагашэньня запазычанасьцяў за кошт прадпрыемстваў у бліжэйшыя паўгады ня будзе.”

Такім чынам, беларускаму ўраду патрэбна дамагацца рэструктурызацыі газавага доўгу, аплаты яго бартэрам ці йначай.

Датычна бягучых паставак, варта зазначыць, што Беларусь купляе цяпер газ прыблізна па 30 даляраў за кубамэтар, гэта прамежкавая цана паміж унутрырасейскай цаною — 14 даляраў за кубамэтар, і ўсясьветнай — 100 даляраў. Расейцы цяпер рыхтуюцца да падвышэньня цаны на сваім уласным рынку, таму відавочна, што будуць настойваць, каб вырасла цана й для беларускіх спажыўцоў. На такім падвышэньні настойваў надоечы і Ўладзімер Пуцін, што выклікала вострую рэакцыю Лукашэнкі.

Відавочна, што “Газпром” ставіцца да Беларусі даволі паблажліва ня толькі з палітычных меркаваньняў, але й таму, што празь Беларусь пралягаюць маршруты новых газаводаў у Эўропу. Яны плянуюцца або ўжо будуюцца, мінаючы Ўкраіну, паколькі апошняя дазваляе сабе адпампоўваць расейскі газ для ўласных патрэбаў, ня плоцячы за гэта. Рэм Вяхіраў да пэрспэктыўных праектаў аднёс дзьве ніткі газаводу “Ямал—Заходняя Эўропа”, будаўніцтва першай зь іх будзе завершана ў другім квартале наступнага году, а таксама правядзеньне газаводу-перамычкі ад Кобрыня да славацкага гораду Велке-Капушаны праз Польшчу. Наконт газаводу-перамычкі Рэм Вяхіраў і Ўладзімер Ярмошын падпісалі адпаведнае пагадненьне.

Валер Каліноўскі, Менск

XS
SM
MD
LG