Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Група прыхільнікаў прарасейскай нацысцкай арганізацыі “РНЕ” зьбіла ў менскім трамваі двух падлеткаў, якія размаўлялі па-беларуску. Назіральнікі адзначаюць рост колькасьці выпадкаў процізаконных дзеяньняў з боку актывістаў прафашыстоўскай арганізацыі, якая вольна пачувае сябе ў Беларусі.

Два пятнаццацігадовыя падлеткі былі да крыві зьбітыя малойчыкамі з “РНЕ” ўчора ў трамваі шостага маршруту. Інцыдэнт адбыўся ў нядзелю, а трэцяй гадзіне дня, на Лагойскім тракце. Паводле сьведкаў, больш як паўдзясяткі хлопцаў у чорных скураных куртках напалі на двух падлеткаў.

“Хутчэй за ўсё, ім не спадабалася тое, што падлеткі размаўлялі па-беларуску”, — лічыць сьведка інцыдэнту Надзея Міхейчык. Жанчына кажа, што хлопцы ў скураных куртках былі старэйшыя, яны накінуліся на падлеткаў, білі іх і крычалі: “Будзеш паважаць Расею!” ды брудна лаяліся. “Здаецца, калі б людзі не заступіліся, іх бы забілі, малодшаму дык ледзь вока ня выбілі. Ягоны твар быў у крыві. Пасажырам удалося спыніць нацыстаў, і тыя павыскоквалі з трамвая на прыпынку”, — распавяла Надзея Міхейчык. Яна перакананая, што гэта былі менавіта фашысты з “РНЕ”, бо, калі яны саскочылі з трамвая, дык дэманстратыўна паднялі правую руку ў фашыстоўскім прывітаньні.

Ахвяры гэтага інцыдэнту пакуль не зьвярнуліся ў міліцыю ці да праваабаронцаў. Як лічаць у праваабарончым цэнтры “Вясна”, ахвяры сутычак з фашыстамі, як правіла, ня вераць, што гэта дапаможа знайсьці й пакараць хуліганаў. Паводле дадзеных цэнтру “Вясна”, вінаватыя ў нядаўнім нападзе на актывістаў Маладога Фронту побач зь сядзібаю БНФ, на беларускамоўных юнакоў побач з ГУМам дагэтуль ня знойдзеныя і не пакараныя.

Асабліва нахабна сталі паводзіць сябе актывісты “РНЕ” ў транспарце, — адзначаюць праваабаронцы. Актывіст “Вясны” Паліна Сьцепаненка стала сьведкаю інцыдэнту, які адбыўся 8 верасьня ў аўтобусе на маршруце №51.

(Сьцепаненка: ) “Ехала там чалавек 8 РНЕ-шнікаў. Ехалі з фашыстоўскай сымболікай і сьпявалі песьню, якая складалася напалову з мату, другая палова – выклікі “Хайль!”. І адзін мужчына каля 30-ці гадоў пачаў казаць, каб яны проста змоўклі. Яны тады сталі крычаць на яго: “Жыд!” і крычаць, што калі ён выйдзе – яны яго паб’юць”.

Казала Паліна Сьцепаненка. Ейная калега Тацяна Рэвяка была сьведкаю таго, як група фашыстаў зьбіралася на станцыі мэтро “Акадэмія навук”. Яны не хавалі сваёй сымболікі, затое міліцыянты, якія мусілі сачыць за парадкам ў мэтро, фактычна ад іх схаваліся, перакананая Тацяна Рэвяка.

(Рэвяка: ) “Людзі, канешне, жахаліся, таму што гэта куча здаровых малойцаў у чорнай форме са свастыкамі – гэта, канешне, уражвала. Усе абыходзілі гэтую кампанію, а потым яны загрузіліся ў цягнік і паехалі. Што там было далей – ня ведаю, але недзе праз тыдзень-два быў забіты гэты іхны Глеб.”

Гаварыла супрацоўніца цэнтру “Вясна” Тацяна Рэвяка.

Назіральнікі адзначаюць, што часьцей за ўсё чапляюцца да тых пасажыраў, хто размаўляе па-беларуску ці мае на вопратцы бел-чырвона-белыя значкі ці “Пагоню”.

Ці можна казаць, што расейскія нацысты распачалі сапраўднае паляваньне на беларускіх патрыётаў?

Супрацоўнік цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч так ня лічыць, аднак адзначае перавагу менавіта палітычных матываў у дзеяньнях фашыстаў.

(Стэфановіч: ) “Наўрад ці можна сказаць, што яны палююць на некага адмыслова, але пры нагодзе, калі яны сустракаюць такога чалавека, яны міма не праходзяць. Ужо былі выпадкі, калі і на апазыцыйных дэманстрацыях былі такія спробы нападу ці, прынамсі, спробы зрабіць правакацыю”.

Гаварыў супрацоўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч. Паводле ягоных дадзеных, з пачатку года толькі ў Менску было ўжо больш за дзесяць выпадкаў нападаў расейскіх нацыстаў на жыхароў гораду.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

XS
SM
MD
LG