Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Напярэдадні ўшанаваньня памяці загіблых у Курапатах наш карэспандэнт размаўляў на вуліцах Менску зь людзьмі, каб даведацца, як сёньня менчукі ўсьведамляюць злачынства, зьдзейсьненае напрыканцы 30-х гадоў.

Што значыць для іх само слова — Курапаты — і якім чынам трэба захоўваць памяць пра бязьвінна загіблых людзей? Думкі й меркаваньні людзей прадстаўляе Ягор Маёрчык.

Усе, да каго я зьвяртаўся з пытаньнямі, добра ведаюць гэтае слова — Курапаты. І для ўсіх яно — не пусты гук. Людзі ўсведамляюць урочышча на ўскрайку Менску як сымбаль. Іншая рэч, што зьмест укладваюць у яго розны.

(Мужчынскі голас 1: ) “Курапаты – гэта месца, дзе камуністы ў свой час растрэльвалі людзей. Асабіста для мяне – памяць пра прадзеда, якога вывезьлі невядома куды за Ўрал, і нават ня ведаем, дзе ягоная магіла знаходзіцца. Гэта, пэўна, такое своеасаблівае месца, дзе можна ўспомніць усіх, растраляных камуністамі.”

(Мужчынскі голас 2: ) “Для мяне гэта не пусты гук. Курапаты – гэта адлюстраваньне той сыстэмы. Гэта жахлівае злачынства, якому цяжка прыдумаць назоў.”

(Мужчынскі голас 3: ) “Ніхто дакладна ня ведае, але там было растраляна прыблізна каля 200 тысячаў чалавек. Гэта ж былі самыя лепшыя людзі.”

З размоваў станавілася зразумелым, прычынаю розных поглядаў ёсьць тое, што ў апошнія гады ўлады паставілі пад сумнеў факт расстрэлу сталінскім рэжымам у Курапатах блізу 200 тысячаў чалавек. Апошнія пракурорскія спраўджваньні зрабілі выснову, зручную для цяперашняе ўлады: масавыя растрэлы — справа рук фашыстаў. Вось і людзі, зь якімі я размаўляў падзяліліся ў падтрымцы тае ці іншае вэрсіі.

(Мужчынскі голас 4: ) “Гэта ўсё брахня, што там камуністы нібыта рабілі. Нацысты, а не камуністы. Я так лічу, і так яно і ёсьць!”

(Жаночы голас 1: ) “Я жыву ў гэтым раёне, і мы ў гэтым лесе зьбіралі маліну – дык усё правальваліся ў гэтыя ямы і не разумелі, што там было…”

(Мужчынскі голас 5: ) “Яшчэ невядома, хто каго там забіваў і растрэльваў, таму казаць пра вялікія ахвяры – гэта яшчэ не даказана”.

Але, нягледзячы на рознае разуменьне таго, што і калі адбылося ў Курапатах, людзі адзінадушныя ў адным: чыімі б ахвярамі ні былі забітыя, памяць іх мусіць быць належным чынам ушанаваная. А вось ацэнка дзеяньняў улады, якая за 12 год, з дня, калі стала вядома, што ўрочышча Курапаты — гэта вялікая братэрская магіла, так і не збудавалі там мэмарыялу, розная.

(Мужчынскі голас 6: ) “Гэта зроблена, хутчэй, не наўмысна. Гэта проста, так бы мовіць, “раздалбайства” нашых уладаў і ўвогуле – нежаданьне ўзгадваць пра тое, што там адбывалася і спроба гэта прыхаваць. Як кожны палеглы жаўнер павінен мець помнік, так і кожны чалавек, які нават у брацкай магіле загінуў – павінен мець помнік”.

(Жаночы голас 2: ) “Гэта дужа дрэнна, калі нашы ўлады гэтак ставяцца да гэтай гісторыі, гэтай болі, гэтай крыві. Дужа дрэнна!”

(Мужчынскі голас 7: ) “Людзям напляваць на гісторыю…”

Апытаньне на вуліцах Менску праводзіў

Ягор Маёрчык

XS
SM
MD
LG