Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Днямі генэральны пракурор Алег Бажэлка зноў паведаміў, нібы дагэтуль ня высьветлена, хто канкрэтна праводзіў масавыя расстрэлы грамадзянаў. Насуперак пракурору, кіраўнік чацьвертае па ліку групы экспэртаў, што цягам 97–98 гадоў працавалі ў Курапатах, Алег Іоў у інтэрвію нашаму карэспандэнту сьцьвярджае, што сумніву ў злачынным почырку НКВД няма.

Вось ужо некалькі год Алег Іоў вымушаны ўзгадняць свае дзеяньні з ваеннай пракуратураю краіны. Падпіска пра неразгалошваньне службовае таямніцы, якую ад Іова запатрабавалі напачатку архэалягічных працаў, дзейнічае дагэтуль. Але ён лічыць, што чыноўнікі, якія сьвядома ўводзяць людзей у зман сваімі быццам бы афіцыйнымі вэрсіямі, пераўтвараюць сытуацыю ў выгодны толькі ўладам фарс.

Вось як пракамэнтаваў нашаму радыё словы генэральнага пракурора Алега Бажэлкі Алег Іоў:

(Іоў: ) “Ён кажа так, а хай апублікуе вынікі гэтай справы. А вынікі такія, што страляла НКВД. Камуністы апублікавалі, што ў адной магіле знойдзеныя дакумэнты – даведкі аб выманьні каштоўнасьцяў, якія былі зробленыя ў Гарадзенскай турме ў 1940 годзе. Тыя дакумэнты, якія сьведчаць, што за людзі там былі знішчаныя і кім. Чаму не апублікавана? Калі гэта мае такі грамадзкі рэазаннс, хай апублікуюць афіцыйнае закрыцьцё справы… Двойчы перараблялася гэтае заключэньне, яно скарачалася. Гэтыя знаходкі і сьведкі кажуць аб тым, што няма іншага. Калі б была хоць маленькае зачэпачка нейкая, дык ужо даўно б усе дзяржаўныя газэты трубілі б, што там фашысты растрэльвалі ці што…Новоднага доказу няма”.

(Карэспандэнт: ) “Атрымліваецца так, што ўлады, карыстаючыся заслонаю сакрэтнасьці, могуць дазволіць сабе розныя гістарычныя інтэрпрэтацыі. Тым больш, што ўладныя чыноўнікі ніякіх падпісак пра неразгалошваньне не давалі”.

(Іоў: ) “Справа гэтая, якая вялася апошняя, яна засакрэчаная. І гэта таму, што ўсе сьведкі, якія сьведчылі, што гэта нібыта фашысты забівалі там, гэта ўсё пусты гук. Таму сьледзтва так і адзначыла, што ўсе тыя сьведкі, якія шукаліся камуністамі, усе яны былі апытаныя. Гэта мыльны пухір. Вельмі непрыгожыя факты там раскрыліся. Тое, што я даў падпіску, яны мне проста скавалі рукі. А падпіску бралі менавіта таму, каб я нічога не казаў. Зразумела, матывавалі ня нейкім палітычным довадамі, а так, што, маўляў, у справе сустракаліся сакрэтныя дакумэнты з архіву КДБ. Калі ў гэтых справах ёсьць хоць адзін дакумэнт, што мае грыф “сакрэтна”, то ўся справа засакрэчваецца. Але дакумэнты тыя ўсім вядомыя. Супрацоўнікі НКВД выкарыстоўвалі нямецкую зброю, напрыклад, пісталеты Вальтэр. У 30-я гады гэта было модна. Яны сябравалі з немцамі, нямецкая зброя была моднаю ў НКВД”.

Паводле Алега Іова, страсьці вакол Курапатаў будуць кіпець да таго часу, пакуль у Беларусі будзе панаваць прасавецкая ўлада. Нават тыя сябры пошукавае камісіі, якія яшчэ нядаўна безапэляцыйна заяўлялі пра страшэнную рэальнасьць часу НКВД, зараз асьцярожнічаюць, бо клапоцяцца пра сваю будучыню. Менавіта Курапаты ўспрымаюцца ўладамі як сымбаль першых дэмакратычных пераўтварэньняў у Беларусі, а значыць, усялякае ўзгадваньне пра гістарычныя аналёгіі з пункту гледжаньня чыноўнікаў непажаданае.

Гаворыць Алег Іоў:

(Іоў: ) “Я вам скажу, што ніводнага чалавеку ва ўсёй сьледчай групе не было (а гэта дволі шмат людзей), якія б сумняваліся ў тым, што гэта рабіла НКВД. Ніводнага! Я не кажу пра тых хворых людзей з гэтай камісіі, адзін там Корзун…Гэта ўжо проста дыягназ. Пакуль Бажэлка будзе казаць, што там нейкія сьляды ёсьць…(бо канкрэтнага нічога няма), ён можа казаць толькі агульныя фразы… Яны бачаць у гэтым ідэалягічны факт, які можа ўзрушыць пэўную колькасьць людзей на змаганьне з гэтым рэжымам. Гэта факт – ідэалягічны факт, гэта – сымбаль. І Лукашэнка ж там ні разу ня быў. Калі б яны былі ўпэўненыя, што там ляжаць ахвяры фашызму, дык ужо, канешне, там пабылі б і камень зьнялі б. Але яны не разглядаюць гэтае месца як гістарычнае, яны разглядаць гэты факт як падзеі, якія могуць людзей заахвоціць змагацца з гэтай уладай. Гэты помнік яны разглядаюць як палітычныя абставіны, а не як гістарычныя”.

Гэта было меркаваньне гісторыка, кіраўніка апошняе групы экспэртаў, што цягам 97–98 гадоў працавалі ў Курапатах, Алега Іова. Нягледзячы на сумную рэальнасьць, Іоў мяркуе, што праўду вакол Курапатаў ніводнаму чыноўніку схаваць ня ўдасца.

Ігар Карней, Менск

XS
SM
MD
LG