Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У Курапатах адбылося ўсталяваньне крыжоў на магілах загіблых у часе сталінскіх рэпрэсіяў. Рэпартаж нашага карэспандэнта.

(Сьвірко: ) “Я зараз стаю на ўзгорку ў цэнтры Курапацкага лесу -–дзе некалькі гадоў таму былі ўсталяваныя тры вялізныя крыжы. Зараз на зямлі перад імі запаленыя сьвечкі, тут шмат народу, людзі сьпяваюць беларускія песьні.

У цэнтры ўзгорку стаіць ужо некалькі гадоў вялізны камень, да якога прымацаваная шыльда: “У гэтым лясным масіве ў адпаведнасьці з пастановай Савета міністраў БССР ад 18 студзеня 1989 году будзе пабудаваны помнік ахвярам масавых рэпрэсіяў 1937-41 гадоў.” Як вядома, дагэтуль ніякага помніка няма.

Сёньня было асьвечана каля 30 крыжоў, што прынесьлі сюды людзі з цэнтру гораду, і ад гэтага ўзгорку ў цэнтры лесу яны спусьціліся ўніз у розныя бакі. Тут былі прадстаўнікі розных палітычных партыяў. Дагэтуль гэтыя крыжы ўсталёўваюць у розных участках Курапацкага лесу.

Побач са мной Вячаслаў Сіўчык – чалавек, які раней працаваў у Цнянскай радзе БНФ Савецкага раёну і амаль 10 гадоў займаецца ўсталяваньнем крыжоў у Курапацкім лесе, упарадкаваньнем магілаў на месцах расстрэлаў.

(Сіўчык: ) “Добра, што сёлета ўдалося легальна адсьвяткаваць Дзяды, бо пры Лукашэнку ўсе нацыянальныя сьвяты былі забароненыя, вядома, як ціснулі на апазыцыю пры адзначэньні і Дня волі, і Дзядоў. Сёлета ў Курапатах было ўсталявана каля трох дзясяткаў крыжоў.

Добра, што ў наладжваньні сёлетніх Дзядоў бралі ўдзел розныя палітычныя сілы. Бо Дзяды мусяць кансалідаваць нацыю”.

(Караткевіч: ) “Шмат крыжоў прывезена з рэгіёнаў. З чым гэта зьвязана?”

(Сіўчык: ) “З тым, што расстрэльвалі ж тут ня толькі менчукоў. Улада не адкрывае архівы, і таму нават калі ведаеш, што нехта быў закатаваны, вельмі цяжка высьветліць, дзе гэты чалавек быў забіты. Таму сёньня было пастаўлена шмат асабістых крыжоў. Людзі ставілі крыжы сваім сваякам, родзічам, ведаючы, што яны былі закатаваныя і мяркуючы, што, хутчэй за ўсё, закатаваныя ў Курапатах”.

(Сьвірко: ) “Сёлета я езьдзіў у Клімавіцкі раён на мяжу з Расеяй, дзе нечакана знайшоў латыскую вёску. Карэнныя латышы з Латвіі пераехалі туды яшчэ ў мінулым стагодзьдзі, стварылі сваю гаспадарку, потым яе ператварылі ў калгас. Але ў 37 годзе ўсіх мужчынаў з гэтай вёскі Галіцкая Мыза адвезьлі ў Курапаты. Пра гэта мне распавялі тамтэйшыя жыхары. Сапраўды, сюды прывозілі людзей з усіх куткоў Беларусі – нават з расейска-беларускага памежжа, каб расстраляць, зьнішчыць іх тут – каб ніхто пра гэта не даведаўся”.

Перадаваў
Юры Сьвірко

XS
SM
MD
LG