Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Яшчэ адзін рэпартаж Юрыя Сьвірко. Ён заўважыў вакол удзельнікаў шэсьця шмат “нежурналісцкіх” відэакамэраў…

(Караткевіч: ) “У нас на сувязі ізноў наш карэспандэнт Юры Сьвірко, працягваецца шэсьце. Што адбываецца цяпер? Ці прысутнічаюць замежныя назіральнікі?

(Сьвірко: ) “Журналісты заўважылі тут назіральнікаў ад групы АБСЭ ў Беларусі: Бэату Разуміловіч і Эндру Карпэнтэра, якія назіралі за шэсьцем ад самага пачатку. Адная адметнасьць: вельмі шмат, так бы мовіць, нежурналісцкіх тэлекамэраў сочыць за шэсьцем – не журналісцкіх, але прафэсійных…

Хвост калёны цяпер мінае навабудоўлю, на бэтонным плоце якой ёсьць надпіс па-расейску пра тое, што дэпартамэнт зьнешніх сувязяў беларускай праваслаўнай Царквы будуе тут храм-помнік у гонар усіх сьвятых ды памяці бязьвінна забітых. Я хачу даць слова Маі Кляшторнай, бацька якой Тодар Кляшторны быў закатаваны ў Курапатах.

(Караткевіч: ) “Спадарыня Мая, чаму, на вашую думку, беларускае грамадзтва не дасьпела да таго, каб Курапаты сталі месцам нацыянальнай памяці і нацыянальнай сьвятыні?”

(Кляшторная: ) “Я думаю, гэта не зусім так – і сьведчаньне таму сёньняшняя вялікая грамада людзей. Не ўсьвядомілі тыя, хто пры ўладзе стаяць, а грамадзтва ўсьвядоміла, і людзі ад аднаго слова “Курапаты” і таго, што зь ім зьвязана, моўчкі схіляюць галовы – наколькі я сустракала людзей.

Я думаю, улада ведае, што было. Але калі напрамак кіраваньня краінай застаўся той жа – то і трымаюць падзеі ў таямніцы, каб трымаць людзей у падпарадкаваньні. Спакойней жыць у бяспамяцтве…”

(Караткевіч: ) “А ці можаце вы ўзгадаць тыя страшныя часіны, калі быў рэпрэсаваны ваш бацька?”

(Кляшторная: ) “Той час, я лічу, мала чым адрозьніваўся ад сёньняшняга – калі вакол былі рэпрэсіі, а іншых да часу не чапалі, і яны рабілі выгляд, шо нічога не адбываецца. Зараз тое ж самае. Грамада з крыжамі рушыць па вуліцах на Курапаты, а нехта адседжваецца, баіцца.

Той час быў жахлівым: тады нельга было зьбірацца людзям, як узгадваюць бацькавыя сябры, больш за трох. Мой бацька быў чалавек лагодны, добры, у яго на кватэры заўсёды зьбіраліся людзі, і гэтыя ўсе прозьвішчы ў бацькавай справе таксама ёсьць. Амаль усе яны былі растраляныя. Жахлівы быў час.

А зараз, калі 25 сакавіка мяне схапілі, я ж толькі назірала, што робіцца на пляцы Якуба Коласа – туды нельга было й падыйсьці. Але ж пасадзілі ў клетку, абшуквалі, выцягнулі ўсе шпількі з валасоў, распатлалі валасы… І я зразумела, што тыя часы яшчэ з намі. Было, як некалі на тэрыторыі турмы, дзе мы з мамаю былі: калі яна рвалася да дзіцяці, а яе адцягвалі за даўгія валасы, іх нельга было нават прыбраць… Так і сёньня – адзін крок…”

Юры Сьвірко, Менск

XS
SM
MD
LG