Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Апазыцыя Магілеву правяла мітынг-рэквіем на месцы масавых расстрэлаў. У часе мітынгу былі затрыманыя два актывісты БНФ.

Напярэдадні Дня памяці ахвяраў рэпрэсіяў прадстаўнікі дэмакратычных партыяў і арганізацыяў Магілеву вырашылі ўшанаваць памяць рэпрэсаваных каля Крыжа памяці – месца, якое ў народзе называюць “Магілеўскія Курапаты”. Яшчэ ў 1988 годзе дзеці знайшлі ў гэтым месцы сківіцу з залатым зубам. Пасьля пры дапамозе магілеўскага аддзяленьня Мартыралёгу Беларусі выявілі, што ў гэтым месцы расстраляныя тысячы людзей.

Паводле неафіцыйных крыніцаў, першымі ў гэтую зямлю ў пачатку 20-х гадоў леглі сьвятар праваслаўнай царквы Мікалай і некалькі ксяндзоў каталіцкай канфэсіі. Раней гэтае месца называлі “конскімі могілкамі”: тут хавалі жывёлу, якая аджыла свой век, пазьней – “Магілеўскімі Курапатамі”, бо тут адкапалі каля сотні чалавечых целаў з кулявой дзіркай у патыліцы.

Старыя жыхары кажуць, што немцы, якія акупавалі Магілеў, паставілі побач з могілкамі шыльду з надпісам: “Паглядзіце, што з вамі зрабіў Сталін!”

Дэмакраты вырашылі, што, паводле традыцыі, ушанаваньне памяці продкаў на Дзяды не патрабуе дазволу ўладаў. У запашэньнях, якія зьявіліся ў горадзе, адзначалася: “Цяперашнія ўлады – ідэйныя нашчадкі сталінізму – адмянілі дзяржаўнае сьвята Дзяды, але людзкую памяць ня зьнішчыць!”

Сёньня на прыпынак, які знаходзіцца непадалёк ад Крыжа Памяці, пад’ехала 6 міліцэйскіх машынаў. Яшчэ напярэдадні быў затрыманы старшыня Магілеўскай арганізацыі БНФ Андрусь Кавалёў, які трымаў плякат “Нашы Дзяды з намі!” Супрацоўнік Кастрычніцкага райаддзелу ўнутраных справаў Магілеву капітан Маскалёў палічыў гэты плякат антыпрэзыдэнцкім. Праз нейкі час Кавалёва выпусьцілі і прапанавалі заўтра зьявіцца ў міліцыю.

Тымчасам людзі памаліліся за ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў і ўзгадалі пра тыя часы.

Незадоўга да заканчэньня мітынга-рэквіема міліцыянты забаранілі выступаць з прамовамі. Напрыканцы мітынгу міліцыя адвезла магілеўца Сяржука Гіркіна ў пастарунак. Гіркіна абвінавацілі ў правядзеньні несанкцыянаванага мітынгу.

Ушанаваўшы памяць растраляных хвілінай маўчаньня, магілеўцы разыйшліся.

Аляксандар Сердзюкоў, Магілеў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG