Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Сёньня суд Першамайскага раёну Бабруйску пакараў беспрацоўнага Ўладзімера Шчадзько і ягонага сына Ўладзімера штрафамі ў памеры 10 тысячаў рублёў кожнага. Іх абвінавацілі ў закліках да байкоту выбараў…

Абодва былі затрыманыя пад час распаўсюджваньня ўлётак з заклікамі да байкоту выбараў у так званую Палату прадстаўнікоў. Тады яны патлумачылі міліцыянтам, што байкот не забаронены існуючым выбарчым заканадаўствам.

Аднак, начальнік аддзелу жыльлёва-камунальнай гаспадаркі раённай адміністрацыі Бабруйску склаў адпаведны пратакол. Старшыня Бабруйскага аддзяленьня Беларускага гэльсынскага камітэту Яўген Чапурышкін заявіў, што пратакол ня мае юрыдычнай сілы, бо прадстаўнік уладаў не прадставіў даведкі пра свае паўнамоцтвы.

Як ужо паведамляла Радыё Свабода, менавіта з гэтай прычыны суд быў перанесены на некалькі дзён пазьней. Сёньня прадстаўнік прынес адпаведную даведку. Суд не прыняў да ўвагі заявы грамадзкіх абаронцаў пра тое, што выбарчае заканадаўства не забараняе байкоту выбараў.

Судзьдзя пакарала адказьнікаў у адпаведнасьці з Адміністрацыйным кодэксам. Яўген Чапурышкін заявіў: “Я думаю, што гэтае рашэньне прынятае пад ціскам уладаў, бо судзьдзя Алёна Горныш некалькі разоў кансультавалася па тэлефоне. А доказаў віны так і не прад’яўлена, бо даведка аформленая пазьней затрыманьня”.

Адметна, што Ўладзімер Шчадзько запатрабаваў, каб яму вярнулі ўлёткі і наклейкі. Судзьдзя ягоную просьбу задаволіла. І адразу пасьля зачытанага прысуду спадар Шчадзько раздаў іх у залі суду.

Аляксандар Сердзюкоў, Магілеўская вобласьць

XS
SM
MD
LG