Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У часе апытаньня людзей на вуліцах наш карэспандэнт сустрэў сьведку трагічных падзеяў на паўночным ускрайку Менску. Яго завуць Сяргей Барысаў.

(Барысаў: ) “Я ведаю, што такое Курапаты, і нават ведаю больш, чым многія менчукі. Справа ў тым, што я нарадзіўся ў 1934 годзе, і перад вайной мне было ўжо 6 гадоў.

Мой бацька працаваў ва ўпраўленьні будаўніцтва і рамонту аўтамабільных дарог. Начальнік ён быў маленькі, а ў той час у начальства не было легкавых аўтамабіляў – былі палутаркі і трохтонкі. Звычайна ў кабіне езьдзіў кіроўца і маленькі начальнік: дык бывала, што ён браў мяне ў кабіну.

Аднойчы – перад самым пачаткам вайны – мы праязджалі па прасёлачнай дарозе. Тады слова “Курапаты” ніхто ня чуў – і ў 40-я гады, і потым – гэта звалося “Паўночная ўскраіна”. Вось мы праязджаем, а з кустоў выходзяць людзі, спыняюць, правяраюць дакумэнты. А кіроўца меў дазвол на праезд – бо будаўнічае ўпраўленьне, рамонт дарог. І яны сказалі: “Праязджайце!” І я чуў там дзікія крыкі, стогны, стрэлы…

Калі мы ад’ехалі, бацька і кіроўца кажуць: “Ты хлопчык маленькі – сядзі і маўчы! Тут людзей нявінных растрэльваюць…”

Курапаты – гэта месца, дзе нарадзіўся новы вызвольны рух Беларусі. Ён нарадзіўся на месцах магіл.

Гутарыў
Ягор Маёрчык

XS
SM
MD
LG