Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Жонка зьніклага год таму пры загадкавых абставінах намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Віктара Ганчара Зінаіда зьвярнулася да патрыяршага экзарха Беларусі Філарэта. Яна просіць ягонага садзеяньня ў справе пошукаў мужа.

Сёньня жонка Віктара Ганчара Зінаіда даслала ліст на імя мітрапаліта Менскага й Слуцкага Філарэта. Яна так пракамэнтавала сваё рашэньне радыё Свабода:

(Зінаіда Ганчар: ) “Прычынаю майго звароту стала тое, што Філарэт, калі быў дэпутатам Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, добра ведаў майго мужа. Апроч таго, зьвярнуцца мяне прымусілі той бруд і дэзінфармацыя, якія сыходзяць ад уладных структураў і выліваюцца на экраны тэлевізараў і старонкі газэтаў. Гэта зман ня толькі ўсясьветнае супольнасьці, але й простых людзей. Я мяркую, што царква павінна ўзняць голас дзеля абароны праўды й справядлівасьці”.

У сваім лісьце да патрыяршага экзарха Беларусі Філарэта Зінаіда Ганчар піша:

“…прынятая 16 жніўня на Архірэйскім саборы сацыяльная дактрына Рускай Праваслаўнай царквы абвяшчае: калі ўлада прымушае людзей да грахоўных дзеяньняў, царква павінна адмовіць дзяржаве ў падпарадкаваньні. Лукашэнка і яго кляўрэты ўжо даўно парушылі ўсе нормы чалавечае маралі. Гэтая ўлада сваімі дзеяньнямі разбэшчвае душы людзей, насаджае распусту. Яна ставіць пад пагрозу само існаваньне нашае краіны. І сёньня настаў час Праваслаўнай царкве сказаць сваё важкае слова і гэтым дапамагчы нашаму народу адкрыць шлях да сьвятла й праўды…”

Гаворыць Зінаіда Ганчар:

“Мінула столькі часу, а пра майго мужа няма ніякіх зьвестак. Самае страшнае, што ўлады прымушаюць верыць, нібы ніхто й не распраўляецца з апанэнтамі рэжыму. З экранаў Беларускае тэлевізіі Посахаў заклікаў ня верыць, што людзей выкрадалі. Я разумею, што царква ня можа праводзіць расьсьледваньне, але яна ў стане заклікаць урад не хітраваць, ня хлусіць. Я спадзяюся, што яна выканае свой абавязак”, — паведаміла Зінаіда Ганчар радыё Свабода.

Любоў Лунёва, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG