Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Аляксандар Лукашэнка сёньня наведаў сваю “альма матэр”. Беларуская Сельскагаспадарчая акадэмія сьвяткавала 160-годзьдзе свайго заснаваньня.

Аляксандара Лукашэнка, паводле ягонага прызнаньня, прыехаў у Горкі зьбянтэжаны. Яго непакоіць (цытую): “…модная тэндэнцыя, якая зьяўляецца звычайна напярэдадні выбараў. Калі ня ўсё ладзіцца, трэба закасаць рукавы і працаваць, а калі гэтага ня хочацца,– мяркуе Лукашэнка, – то народ пачынае патрабаваць рэформаў”.

Іншая праблема Лукашэнкі была ў тым, што ўрад і навукоўцы так і ня здолелі падрыхтаваць да юбілею старэйшай аграрнай вышэйшай школы ў краіне канцэптуальны даклад пра пэрспэктывы разьвіцьця сельскай гаспадаркі ў Беларусі. Але кіраўнік дзяржавы паабяцаў, што арыентыры будуць да новага году вызначаныя. Хутчэй за ўсё гэтым арыентырам застанецца буйная таварная вытворчасьць у калектыўных гаспадарках. Рэформаў агулам у Беларусі ня будзе, – запэўніў Лукашэнка, – таму што яны патрабуюць вялізных сродкаў, а іх у нас няма.

Настрой беларускага народу перад другім турам парлямэнцкіх выбараў Лукашэнка вызначыў як “нармальны” і толькі скардзіўся, што напярэдадні выбараў быў жудасны ціск з боку замежных краінаў.

Аляксандар Лукашэнка некалькі разоў паўтараў, што міжнародныя праблемы нашай краіны палягаюць у тым, што новая дзяржава Беларусь заняла ў цесным сьвеце прыступку, якая некаторым падаецца залішне высокай. Але ён таксама выказаў рашучы намер не саступаць гэтае месца, якое беларусы заслужылі. У гэтым сутнасьць маёй палітыкі, – горда казаў Аляксандар Лукашэнка.

Студэнцкі гарадок Горацкай акадэміі сустракаў прэзыдэнта аплядысмэнтамі састарэлых людзей і сьвістам маладых. Таму вельмі дарэчы Лукашэнка згадаў пра дабрабыт студэнтаў. Ён вырашыў забясьпечыць іх шляхам стварэньня адмысловага дырэктарскага фонду дадатковымі грашыма, а ў пэрспэктыве – нармальным жыльлёвымі ўмовамі, харчаваньне і мэдычным абслугоўваньнем.

Каб ніхто ня думаў, што Лукашэнка гэтым пачынае рыхтавацца да наступных выбараў, Лукашэнка паабяцаў не хадзіць за людзьмі і не прасіцца ў іх стаць прэзыдэнтам. Маўляў, самі паглядзіце на маю працу і самі мяне выбераце.

Марыя Ўсьціновіч, Горкі

XS
SM
MD
LG