Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Сёньня адбыўся першы візыт у Расею новага прэзыдэнта Югаславіі Ваіслава Каштуніцы. На працягу 6-гадзіннага візыту ён правеў перамовы з прэзыдэнтам Расеі Пуціным і міністрам замежных справаў Івановым, сустрэўся з патрыярхам Маскоўскім і Ўсея Русі Аляксіем ІІ…

Паездка ў Маскву стала чацьвертым замежным візытам новага лідэра Югаславіі. Першы быў у Біаррыц, на нараду кіраўнікоў Эўразьвязу, другі – у Сараева, сталіцу Босніі і Герцагавіны, трэці – у сталіцу Македоніі Скоп’е - на сустрэчу прэзыдэнтаў Балканскіх краінаў.

Парадак першых міжнародных візытаў прэзыдэнта звычайна адлюстроўвае парадак яго замежнапалітычных прыярытэтаў. Калі зыходзіць з гэтага – югаслаўска-расейскія дачыненьні для прэзыдэнта Каштуніцы займаюць важнае, але ня першае месца.

Тым больш ён не забыў, што Масква трымалася за Мілошавіча амаль да апошняга. Ва ўчорашнім інтэрвію ОРТ Каштуніца ўзгадаў пра гэта, але дадаў, што візыт Іванова ў крытычную ноч зь 5га на 6га кастрычніка кампэнсаваў ранейшую маруднасьць расейскай дыпляматыі.

А у інтэрвію НТВ новы югаслаўскі лідэр заявіў:

(Каштуніца: ) “Кожныя перамовы з нашымі расейскімі сябрамі , са спадаром Івановым і прэзыдэнтам Пуціным – надзвычай сур’езныя і сьведчаць пра значэньне, якое мы зараз надаем традыцыйнаму расейска-сэрбзка-югаслаўскаму сяброўству і нашым палітычным і эканамічным сувязям”.

Але візыт югаслаўскага лідэра ў Маскву – ня толькі даніна традыцыі. З прычыны некаторых важных праблемаў Югаславіі пазыцыя Масквы па-ранейшаму застаецца бліжэй да пазыцыі Белграду, чым пазыцыя заходніх краінаў: гэта, у прыватнасьці, тычыцца Косава, якое знаходзіцца зараз пад міжнародным кантролем. Для Югаславіі зараз гэтае пытаньне набывае надзвычайную актуальнасьць – у гэтую нядзелю у краі пад міжнародным наглядам пройдуць мясцовыя выбары.

У сумеснай заяве паводле вынікаў сёньняшняй сустрэчы Каштуніца і Пуцін асабліва падкрэсьлілі, што Косава мусіць застацца часткаю Югаславіі. Захаваньне адзінства Югаславіі – адна з галоўных мэтаў расейскай палітыкі на Балканах і разам з тым гэта мэта прэзыдэнта Каштуніцы.

Расейскі лідэр аб’явіў таксама, што Расея акажа Югаславіі тэрміновую дапамогу пастаўкамі энэрганозьбітаў. Адзначым, што яшчэ раней пра эканамічную дапамогу Белграду аб’явіў Эўразьвяз.

Зразумела, што і зацікаўленасць Расеі ў дачыненьнях з новай Югаславіяй мае ня толькі сантымэнтальны падмурак. Пасля сустрэчы з Каштуніцам міністр замежных справаў Расеі Іваноў сказаў, што “Югаславія застаецца для Масквы бліжэйшым і ключавым партнэрам на Балканах”.

Міністар таксама паабяцаў Югаславіі дапамогу ў аднаўленьні яе сяброўства ў ААН, прыпыненага ў пачатку 90-х гадоў у сувязі з распадам краіны. Але падаецца, што ворагаў вяртання Югаславіі ў ААН наагул няма. Дарэчы, менавіта ў Маскве Каштіуніца абвесьціў, што Белград рыхтуе заяўку на аднаўленьне сяброўства ў ААН. На чарзе – усупленьне Югаславіі ў АБСЭ.

Пасьля размовы з югаслаўскім калегам прэзыдэнт Пуцін адзначыў, што адносіны дзвюх краінаў будуць будавацца на прагматычным, прафэсійным падмурку. Гэтая заўвага вельмі важная ў сьвятле ўчорашняй заявы Каштуніцы, які даў зразумець, што новая Югаславія абсалютна не зацікаўленая ў сяброўстве ў беларуска-расейскім саюзу.

Юры Дракахруст, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG