Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня


Генэральны пракурор Алег Бажэлка сёньня заявіў, што сьледзтва ў справе зьнікненьня апэратара тэлекампаніі ОРТ Зьмітра Завадзкага прасунулася далёка наперад. Аднак, ніякіх канкрэтных акалічнасьцяў гэтае ды іншых гучных справаў не паведаміў.

Генэральная пракуратура наладзіла прэсавую канфэрэнцыю, у часе якой спадар Бажэлка распавядаў, як ідзе расьсьледваньне ў справе зьніклых вядомых асобаў, а таксама пра іншыя гучныя крымінальныя справы.

Генпракурор перакананы, што злачынства супраць Зьмітра Завадзкага будзе раскрытае. Нічога больш канкрэтнага ў справе зьнікненьня апэратара ОРТ, а таксама Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага й Юрыя Захаранкі Алег Бажэлка не паведаміў. Пры гэтым ён толькі дадаў, што вядзецца іх інтэнсыўны пошук.

Пасьля генэральны пракурор папярэдзіў пра адказнасьць журналістаў, якія распаўсюджваюць няспраўджаныя, на думку Бажэлкі, зьвесткі пра дачыненьне да зьнікненьня гэтых асобаў Аляксандра Лукашэнкі ды іншых высокіх пэрсонаў:

(Бажэлка: ) “У шэрагу друкаваных выданьняў (у прыватнасьці “Комсомольская правда”, “Народная Воля”, БДГ) прыводзяцца перакручаныя зьвесткі, якія зьневажаюць гонар і годнасьць шэрагу службовых асобаў, што займаюць высокія пасады ў дзяржаве. Тыя матэрыялы, што ёсьць у апэратыўна-сьледчай групы, сьведчаць, што ўсё гэта выдумкі й хлусьня.

За распаўсюджваньне непраўдзівых зьвестак вінаватыя будуць прыцягнутыя да адказнасьці. Так мы гэта пакідаць ня будзем”, — заявіў генэральны пракурор спадар Бажэлка.

Адносна справы Тамары Віньнікавай, спадар Бажэлка сказаў, што па каналах Interpol’у беларускія праваахоўныя ворганы зьвярнуліся да брытанскіх з просьбаю паведаміць, дзе канкрэтна знаходзіцца экс-старшыня Нацыянальнага банку, але безвынікова. Паводле словаў генэральнага пракурора, днямі спадарыня Віньнікава тэлефаніла сьледчаму й цікавілася сваёй арыштаванай маёмасьцю.

Алег Бажэлка паведаміў, што калі Віньнікава прыедзе ў Беларусь і пачне супрацоўнічаць са сьледзтвам, дык яе арыштоўваць ня будуць. Аднак пра спыненьне крымінальнае справы, паводле словаў генэральнага пракурора ня можа быць і размовы, бо яна вінаватая ня толькі ў прысваеньні посуду. Сьледчыя нібыта знайшлі банкаўскія рахункі Тамары Віньнікавай, на якіх знаходзіцца 180 тысячаў даляраў.

Актыўна, паводле Алега Бажэлкі, вядзецца расьсьледваньне ў справе забойства лідэра менскага “РНЕ” Самойлава і ў справе Міхала Чыгіра. Справа былога рэктара гомельскага Мэдычнага ўнівэрсытэту Юрыя Бандажэўскага ўжо перададзеная ў суд. Сьледзтва ў справе трагедыі на Нямізе працягнутае да 31 сьнежня (але, паводле генэральнага пракурора, віны чыноўнікаў гарадзкога выканкаму й міліцыі ў гэтай трагедыі няма).

Паведаміў Бажэлка, таксама, і некаторыя вынікі расьсьледваньня ў справе Курапатаў. Паводле ягоных словаў, у Курапатах было расстраляна ня больш як 7 тысячаў чалавек, і хто праводзіў там расстрэлы, высьвятліць беларускай пракуратуры нібыта ня ўдалася…

Альгерд Невяроўскі, Менск

XS
SM
MD
LG