Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


На чарговай сэсіі Менскага гарадзкога Савету сталічныя дэпутаты абвясьцілі конкурс на новыя герб, гімн і сьцяг Менску. Такім чынам, знакамітая выява Панны Марыі, што 400 год лунала па-над горадам, рызыкуе стаць здабыткам гісторыі.

Геральдычнай камісіі пры Дзяржкамархіве на падставе ўрадавае пастановы “Аб стварэньні і аднаўленьні гарадзкой геральдыкі” дадзена задача, каб цягам бліжэйшага часу большасьць вялікіх і малых гарадоў Беларусі атрымалі герб і сьцяг. Але тое, што ў гэты сьпіс трапіць і Менск, не маглі ўявіць нават пэсымісты. Прынамсі, ніхто ня мог сказаць, што выява ўзьнясеньня Панны Марыі мае нейкі палітызаваны сэнс.

Але дэпутаты менскага гарадзкога савету мяркуюць інакш. Хоць некаторыя і кажуць, што ня ўсё так безнадзейна. Гаворыць дэпутат Менскага гарсавету Віктар Шанюкевіч:

“Герб ёсьць, але ён ніяк не замацаваны ў сёньняшнім праўным полі, а дзейнічае толькі на падставе Магдэбурскага права. Паўстала пытаньне праўнага абгрунтаваньня пад час выкарыстаньня той ці іншай атрыбутыкі. І мы можам вырашыць нават пакінуць стары герб. Разглядацца пытаньне будзе напачатку 2001 году, а пакуль ёсьць рашэньне такога кшталту”.

Што тоіць у сабе замах на гістарычную спадчыну? Старэйшы беларускі геральдыст Анатоль Цітоў кажа, што старыя гербы разглядаюцца перш за ўсё як нітка повязі паміж продкамі й нашчадкамі. Зьмена сымбяляў ёсьць разбурэньнем нацыянальных традыцыяў ды нацыянальнае культуры.

Аўтарытэтны вучоны, доктар навук Анатоль Грыцкевіч, нягледзячы на хваробу, таксама выказаў сваё меркаваньне нашаму радыё:

(Грыцкевіч: ) “Незвычайныя невукі, непісьменныя ў навуцы людзі заняліся справай адмаўленьне ад сваіх гістарычных каранёў. Зьмена гербу Менска, поўная адмова ад гістарчынага гербу, які быў ажно з шаснаццатага стагодзьдзя і, нават, існаваў у царскай Расеі, а тут цалкам зьмяняюцью… Зрабіць цалкам сваё…можа нейкія шасьцяронкі ці малаток з серпам на свой капыл… Я супраць такой палітыкі”.

Іншыя незалежныя геральдысты нагадваюць, што герб — гэта сымбаль незалежнасьці. У Беларусі, дзе кіраваньне базуецца на жорсткай цэнтралізаванай уладзе, ідэя, так бы мовіць, масавае “гербазацыі” гарадоў сама па сабе абсурдная.

Што тычыцца старажытнага герба Менску, дык ягоная гісторыя бярэ пачатак з 1591 году, ажно праз 100 год пасьля атрыманьня Магдэбурскага права. Менавіта напрыканцы XVI ст. Менску былі дадзеныя адмысловыя прывілеі караля Жыгімонта ІІІ. Але пасьля чатырох стагодзьдзяў свайго йснаваньня адзін з галоўных сымбаляў старажытнае Беларусі рызыкуе быць зьнішчаны “прывілеяй” сучасных законатворцаў.

Застаецца нагадаць, што адзін зь першых дэкрэтаў, выдадзеных Аляксандрам Лукашэнкам адразу пасьля прыходу да ўлады, быў дакрэт “Аб атрыбутыцы Рэспублікі Беларусь”. З тае пары спрадвечныя нацыянальныя сымбалі фактычна апынуліся па-за законам.

Ігар Карней, Менск

XS
SM
MD
LG