Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Беларуская асацыяцыя журналістаў арганізавала сёньня круглы стол на тэму ролі й месца незалежнае прэсы ў сучасным грамадзтве. Пасьля працяглых дыскусіяў рэдактары газэтаў, што занялі процілеглыя пазыцыі адносна ўдзелу апазыцыі ў выбарах, так і не знайшлі паразуменьня ў пытаньні стасункаў паміж палітыкамі й прэсаю.

Прэзыдэнт БАЖ Жана Літвіна й вядомы тэлежурналіст Леанід Міндлін на пачатку сустрэчы прапанавалі калегам абмеркаваць пытаньні зьніжэньня папулярнасьці недзяржаўных выданьняў, іх прафэсіяналізму, а таксама — ці павінны мэдыі дапамагаць апазыцыі ў барацьбе з уладамі.

Дыскусія на гэтую тэму была пачатая яшчэ месяц таму на старонках “Белорусской Деловой Газеты” паміж спадаром Міндліным і міжнародным каардынатарам “Хартыі-97” Андрэям Саньнікавым. У выніку тае размовы бакі пагадзіліся з думкаю, што многія недзяржаўныя беларускія газэты страцілі сваю палітычную пазыцыю, што на карысьць уладам.

Сёньня ж, паводле словаў Жаны Літвіной, асацыяцыя журналістаў вырашыла працягнуць дыскусію, каб высьветліць, ці можна пераадолець раскол паміж недзяржаўнымі выданьнямі перад прэзыдэнцкімі выбарамі.

На думку лідэра АГП Анатоля Лябедзькі, рэдактарам незалежных газэтаў проста неабходна пераадолець раскол і пачаць агульную працу на карысьць дэмакратыі. Бо ў беларускага выбаршчыка фактычна няма іншых крыніцаў інфармацыі, акрамя некалькіх недзяржаўных газэтаў і радыёстанцыяў. Анатоль Лябедзька лічыць, што перамога апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах можа стаць рэальнай, калі супольны наклад усіх недзяржаўных газэтаў дасягне трохсот тысячаў паасобнікаў.

На думку ж намесьніка галоўнага рэдактара “Свободных Новостей” Аляксандра Тамковіча, раскол паміж недзяржаўнымі мэдыямі будзе пераадолены толькі пасьля таго, як паразумеюцца розныя плыні апазыцыі.

Частка рэдактараў палічыла, што палітыкі хочуць пазбавіць іх выданьні незалежнасьці й ператварыць у партыйную прэсу. Іншыя ж, сярод якіх былі рэдактары “Нашае Свабоды” Павал Жук, “Народнае Волі” Іосіф Сярэдзіч, “Рабочага” Віктар Івашкевіч, даводзілі, што падтрымка байкоту выбараў была адзіна правільнай.

Гаворыць Павал Жук.

(Жук: ) “У нас ня можа быць газэтаў, якія не партыйныя. Адна – партыя ўладаў, другая частка – тыя, якія да гэтай партыі ўлады не належаць. І па-сутнасьці, мы можам толькі на двух полюсах…У дадзены, вызначальны для нашай краіны момант ніякай сярэдзіны ня можа быць. Калі ёсьць сярэдзіна, гэта называецца канфармізм і гэта грае на тую ж самую дыктатуру”.

Гэта быў галоўны рэдактар “Нашае Свабоды” Павал Жук.

Прадстаўнікі БДГ, “Свободных Новостей” ды іншых газэтаў, што трымаюцца іншых поглядаў, з такой аргумэнтацыяй спадара Жука не пагадзіліся. Гаворыць галоўны рэдактар штотыднёвіка “Беларускі рынак” Вячаслаў Хадасоўскі:

(Хадасоўскі: ) “Праблема сёньня ня ў тым, што хтосьці ня так асьвятляе, як бы некаму хацелася…Я, напыклад, катэгарычна адкідаю абвінавачаньні з любога боку апазыцыі, што мы сталі канфармістамі, што мы сталі дагаджальнікамі ўладаў…”

Заявіў спадар Хадасоўскі.

Такім чынам, паразуменьня паміж журналістамі ў гэтым пытаньні дасягнута не было. Затое ўсе рэдактары падтрымалі ідэю звароту да КНГ АБСЭ, амбасады ЗША і ў Міжнародную канфэдэрацыю журналістаў з просьбаю аказаць ціск на беларускія ўлады, каб тыя адмянілі рашэньне пра правядзеньне да 1 студзеня 2001 году новае перарэгістрацыі выданьняў.

Пасьля заканчэньня дыскусыі прэзыдэнт БАЖ Жана Літвіна паведаміла нашаму радыё:

(Літвіна: ) “Сёньня прагучала, відаць, самая асноўная думка. Гэта тое, што ў прэсы павінен быць свой уласны інтарэс, а гэты інтарэс заключаецца ў тым, каб інфармаваць нашае грамадзтва. І мне падаецца, што разьвіцьцё гэта яшчэ атрымала ў словах Анатоля Лябедзькі, які на заканчэньне круглага стала падкрэсьліў, што ня трэба так ужо напрамую падтрымліваць апазыцыю, падтрымлівайце прынцыпы – прынцыпы дэмакратыі, прынцып адстойваньня правоў чалавека”.

Гэта была прэзыдэнт БАЖ Жана Літвіна.

Яна таксама спадзяецца, што кансалідацыя недзяржаўных мэдыяў на прынцыпах падтрымкі дэмакратыі ў бліжэйшы час усё ж адбудзецца.

Альгерд Невяроўскі, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG