Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня


Сэрбскі парлямэнт у аўторак ухваліў фармаваньне пераходнага ўраду. Прэзыдэнт Югаславіі Ваіслаў Каштуніца ў інтэрвію амэрыканскай тэлекампаніі CBS прызнаў вінаватасьць югаслаўскіх ўзброеных сілаў і паліцыі ў шматлікіх забойствах у Косаве ў мінулым годзе.

Каштуніца падкрэсьліў, што пад час канфлікту забівалі й сэрбаў. Сёньня на саміце балканскіх краінаў у Скоп’е – сталіцы Македоніі – Каштуніца заявіў іншым лідэрам, што ягоная краіна адкрыла новую старонку гісторыі пасьля дзесяцігодзьдзя этнічных канфліктаў…

Старшыня міжнароднага Пакту стабільнасьці на Балканах Бода Гомбах паведаміў пад час саміту, што Югаславія магла б стаць паўнацэнным членам Пакту стабільнасьці ўжо нават заўтра, пад час сустрэчы ў Бухарэсьце. Гомбах таксама заявіў, што Арганізацыя бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе гатовая прыняць Югаславію ў якасьці члена ўжо пры канцы наступнага месяца.

У балканцкім саміце, на які прыехаў Ваіслаў Каштуніца, бяруць удзел лідэры і прадстаўнікі Альбаніі, Баўгарыі, Грэцыі, Македоніі, Румыніі, Турэччыны, Босьні і Харватыі, а таксама старшыня камітэту міжнародных дачыненьняў Эўрапейскага Зьвязу Гаўер Саляна.

Адразу пасьля прыезду Ваіслаў Каштуніца заявіў, што распачынаецца новая эра дачыненьняў Белграду з балканскімі суседзямі. Югаслаўскі прэзыдэнт таксама заклікаў да цярплівасьці на той час, як ён будзе рэфармаваць краіну. Зьвяртаючыся да балканскіх лідэраў, Каштуніца сказаў, што Балканы патрабуюць дапамогі Эўропы і сьвету, але мусяць намагацца вырашаць праблемы ўласнымі сіламі.

Каштуніца заявіў пра ягоныя прыярытэты – эканамічная адбудова, перагляд дачыненьняў з Чарнагорыяй і поўная стабілізацыя ў Косаве ў адпаведнасьці з рэзалюцыяй 1244 Рады Бясьпекі ААН. Гэтая рэзалюцыя дае Косаву аўтаномію ў межах Югаславіі.

Пытаньне Косава паўставала ўчора пад час інтэрвію Ваіслава Каштуніцы амэрыканскай тэлекампаніі CBS. Каштуніца стаў першым прадстаўніком Югаславіі, які ўзяў на сябе адказнасьць і выказаў шкадаваньне з нагоды шматлікіх канфліктаў на Балканах з удзелам Югаславіі:

(Каштуніца: ) “Гэта былі злачынствы, і людзі, якія былі забітыя, - ахвяры. Я мушу сказаць таксама, што было шмат ахвяраў і зь іншага боку – забівалі й сэрбаў. Я гатовы прыняць віну за забітых людзей. Я стараюся ўзяць адказнасьць за тое, што здарылася, нават за тое, што зрабіў Мілошавіч”.

Тым часам у самой Сэрбіі парлямэнт ухваліў фармаваньне пераходнага ўраду. Ён будзе дзейнічаць да парлямэнцкіх выбараў, прызначаных на 23-га сьнежня. На пасаду кіраўніка гэатага ўраду прызначаны прадстаўнік Сацыялістычнай партыі Сэрбіі Міламір Мініч. Нагадаю, што лідэрам гэтай партыі – Слабадан Мілошавіч.

Дагэтуль застаецца няясным лёс былога прэзыдэнта Югаславіі Мілошавіча, якога міжнародная грамадзкасьць заклікае прыцягнуць да адказнасьці за меркаваныя злачынствы. Ваіслаў Каштуніца адмаўляецца выдаць Мілошавіча Гаагскаму трыбуналу і тлумачыць гэта тым, што трыбунал – палітычны ворган, створаны краінамі Захаду, і ягоная краіна гэты трыбунал не прызнае. Тым ня менш учора на пытаньне тэлекампаніі CBS, ці будзе калі-небудзь суд над Мілошавічам, Каштуніча адказаў: “Дзе-небудзь – так”.

Вольга Караткевіч, Прага

XS
SM
MD
LG