Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Зь 31 кастрычніка да 1 лістапада Аляксандар Лукашэнка з афіцыйным візытам наведае Лівію, дзе сустрэнецца зь яе лідэрам Муамарам Кадафі ды падпіша шэраг пагадненьняў. Акрамя таго, Лукашэнка ўжо прызначыў амбасадара ў гэтую краіну. Незалежныя экспэрты сумняюцца ў карысьці для Беларусі стасункаў з дыктатарскай краінаю, якую абвінавачваюць у падтрымцы міжнароднага тэрарызму.

Поўная назва Лівіі — Вялікая Сацыялістычная Народная Лівійская Арабская Джамахірыя. “Джамахірыя” азначае “народная дзяржава”. Зь верасня 69-га году й да гэтага часу краінаю нязьменна кіруе лідэр Лівійскае Рэвалюцыі палкоўнік Муамар Кадафі. Усе палітычныя партыі ў Лівіі зьліквідаваныя яшчэ ў 77 годзе…

Аляксандар Лукашэнка пабываў амаль ва ўсіх краінах, што лічацца міжнароднымі ізгоямі — Іран, Ірак, Куба, мілошавіцкая Югаславія. Заставалася не ахопленаю гэтак званай “шматвэктарнай” беларускай замежнай палітыкаю хіба толькі Лівія, якую ЗША ды іншыя дэмакратычныя краіны абвінавачваюць у падтрымцы міжнароднага тэрарызму.

І вось візыт у Лівію аб’яўлены, мала таго, Беларусь адчыняе там сваю амбасаду. Вось як пракамэнтаваў гэта актывіст “Народнае Грамады” Анатоль Гурыновіч:

(Гурыновіч: ) “Той лёзунг, які быў раней, – Пралетары ўсіх краін, яднайцеся – зараз стаў: Дыктатары ўсіх краін, яднайцеся. Кантакты Беларусі замыкаюцца якраз на кола дыктатарскіх краінаў. Якая можа быць у нас цікавасьць да Лівіі? Я думаю, што, фактычна, ніякай ня можа быць”.

Апазыцыя адмоўна ацэньвае падобныя візыты Лукашэнкі, якія дарэшты псуюць імідж Беларусі. Як зазначыў адзін зь блізкіх да ўрадавых колаў экспэртаў, нават у атачэньні Лукашэнкі некаторыя настойвалі на адмене гэтага візыту. Але марна.

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька лічыць, што цяпер Лукашэнку не даводзіцца выбіраць, куды ехаць зь візытамі, — ён кіруецца да таго, хто запрашае.

Прэсавая служба Аляксандра Лукашэнкі паведамляе, што асноўная ўвага ў ходзе перамоваў у Лівіі будзе надавацца разьвіцьцю гандлёва-эканамічных стасункаў, будзе падпісанае, у прыватнасьці, пагадненьне пра абарону інвэстыцыяў.

Але ніякіх інвэстыцыяў проста няма — як няма супольных прадпрыемстваў ці прадстаўніцтваў лівійскіх кампаніяў у Беларусі. Беларусь увогуле нічога не купляе ў Лівіі, увесь надзвычай сьціплы таваразварот (паўтары мільёны даляраў за восем месяцаў гэтага году) складаўся зь беларускага экспарту: некалькіх невялікіх партыяў шынаў, кабеляў, фотаматэрыялаў. Адзінае, на што можна разьлічваць, — прыезд лівійскіх студэнтаў у беларускія ВНУ ды службовыя выправы беларускіх спэцыялістаў у Лівію.

З адным такім спэцыялістам — менскім архітэктарам Уладзімерам Іваноўскім, які месяц таму вярнуўся зь Лівіі, дзе працаваў на будоўлі мэдычнага цэнтру, удалося пагутарыць:

“Цяпер едуць людзі, ужо, напэўна, там каля ста чалавек зь Беларусі. Гэта будаўнікі, іншых там нікога няма”, — адзначыў Уладзімер Іваноўскі, які працаваў на кантракце лівійскага ўраду ў партовым горадзе Тобруку.

Уладзімер лічыць, што для Беларусі, відаць, было б цікава прадаваць у Лівію нейкую тэхніку ды абсталяваньне. Уладзімер бачыў там старыя беларускія лядоўні ды фотаапараты.

Увогуле, ва Ўладзімера склалася ўражаньне, што, акрамя нафтавае галіны, іншая прамысловасьць там неразьвітая, на будоўлях і ў сфэры абслугоўваньня працуюць пераважна замежнікі. Зь лівійскіх тавараў ён змог адзначыць толькі цыгарэты, і тое адзінага гатунку.

(Іваноўскі: ) “Вытворчасьці як такой я ня бачыў, каб нехта хадзіў працаваць на нейкія прадпрыемствы. Пераважна гандаль, невялікія крамы займаюць першыя паверхі дамоў, маленькія такія крамкі — два на тры, тры на пяць мэтраў…

Сельская гападарка таксама ня вельмі разьвітая. Бананы каштуюць па два даляры за кіляграм. І гэта летам у Афрыцы!”, — зьдзіўляецца Ўладзімер.

Ёсьць у Лівіі і бедныя, і багатыя, хаця ў цэлым узровень жыцьця нізкі. Машыны на дарогах спрэс іржавыя ды спарахнелыя. Праўда, бэнзын танны. Пітная вада даражэй за бэнзын…

Лівійцы дружалюбныя, — кажа Ўладзімер, — але часам можна атрымаць ад іх і камень у галаву:

(Іваноўскі: ) “Але ў цэлым усё там вельмі спакойна, ніякіх дэманстрацыяў, экстрэмістаў, паліцэйскіх сілаў. Парадак. Партрэтаў Муамара Кадафі няшмат, пераважна на дзяржаўных установах. Турыстаў няма, хіба толькі замежныя маракі выйдуць на бераг партовага гораду”.

Зноў ехаць у Лівію на заробкі ва Ўладзімера Іваноўскага жаданьня няма — ужо невыгодна, ды й для здароўя небясьпечна — бясплатная мэдыцына там шкодная для здароўя.

Валер Каліноўскі, Менск

XS
SM
MD
LG