Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


На Гомельскім суднарамонтным-суднабудаўнічым заводзе спушчыны на ваду першы ў краіне цеплаход клясы “рака-мора”. Але аптымістычных прагнозаў адносна станаўленьня Беларусі як морскай дзяржавы пакуль ніхто ня робіць. Уладныя чыноўнікі наогул не заўважылі гэту падзею.

Судна на замову Беларускага рачнога параходзтва будавалася на заводзе амаль чатыры гады — у два зь лішкам разы болей нарматыўнага тэрміну. Паводле словаў галоўнага інжынэра параходзтва Аляксандра Верашчагіна, тлумачыцца гэта надзвычай дрэнным фінансаваньнем. З-за адсутнасьці перавозак, параходзтва ў апошнія гады знаходзіцца на фінансавай водмелі. Бюджэтных грошай катастрафічна бракавала. Скарыстоўваліся пакрысе інавацыйны фонд і дапамога менскае прыватнае транспартна-экспэдыцыйнае фірмы “GreenTour”, якая закупіла японскае навігацыйнае абсталяваньне й цалкам прафінансавала будаўніцтва грузавое прыстаўкі да цеплаходу.

Такая падтрымка была вельмі дарэчы, бо дзяржаўная праграма разьвіцьця рачнога й морскага флёту, ухваленая Саветам міністраў яшчэ ў 98-м годзе, спакваля сыходзіць на нішто. Працягвае Аляксандар Верашчагін:

“Паводле гэтае праграмы, такіх цеплаходаў мусіла было быць яшчэ шэсць — апасьля галаўнога. Але, відаць, нейкі збой адбыўся, і пра гэтую праграму ўжо ня ўзгадваюць”, — сказаў спадар Верашчагін.

Між тым у свой час, каб ня даць дарэшты заняпасьці рачному флёту краіны, на дзяржаўным ўзроўні плянавалася разьвіваць рачныя грузавыя калідоры як у нутры Беларусі, гэтак і па-за ейнымі межамі. Наважваліся зарганізаваць і морскія перавозкі нацыянальным флётам, скарыстоўваючы дзеля гэтага судны клясы “рака-мора”. У чарнаморскія порты і далей — у прыдунайскія краіны Эўропы плянавалася перавозіць прадукцыю “Беларуськалію”, Мазырскага солевыварачнага заводу і, магчыма, гарадзенскага “Азоту”. У гэтай сувязі на Прыпяці ў Мазыры ўзьведзены нават адмысловы перавалачны пункт. Аднак прадпрыемствы звыкла карыстаюцца чыгуначным транспартам, пакінуўшы рачны флёт бяз працы.

Бяз працы, дарэчы, застаюцца і каля пяці тысячаў морскіх спэцыялістаў, многія зь якіх атрымалі адмысловы пашпарт марака Беларусі. Першае айчыннае судна клясы “рака-мора” праблемы не вырашае. Каманда яго разам з капітанам Вячаславам Булем складае ўсяго сем маракоў, а пры падзеле маёмасьці былога Саюзу ад сваёй долі морскага флёту беларускае кіраўніцтва неабачліва адмовілася.

Казімер Яноўскі, Гомель

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG