Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


2 лістапада Сталы камітэт парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў Вене абмяркуе сытуацыю ў Беларусі ў сувязі з выбарамі ў “Палату прадстаўнікоў”. Пра гэта стала вядома сёньня пад час паседжаньня Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў.

Галоўным дакладчыкам на паседжаньні Сталага камітэту ў сталіцы Аўстрыі будзе кіраўнік Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Беларусі Ганс-Георг Вік. Пра гэта амбасадар паведаміў сёньня, калі наведаў сустрэчу лідэраў Кансультацыйнае рады апазыцыйных партыяў. Зараз падначаленыя спадара Віка ўжо пачалі рыхтаваць праект справаздачы міжнароднай супольнасьці.

Можна меркаваць, што ў гэтым дакумэнце знойдуць месца думкі, выказаныя амбасадарам у ягоным артыкуле паводле вынікаў першага туру выбараў і перададзеным сёньня для распаўсюджаньня ў агэнцыю БелаПАН.

Так, спадар Вік сьцьвярджае: “Заклапочаны тым, каб ня страціць кантроль над парлямэнтам, — як бы мала ўлады ў яго не было сёньня — беларускі ўрад прапусьціў вялікую палітычную магчымасьць пашырыць палітычную базу дзяржаўных інстытутаў і распачаць памяркоўны, але няспынны працэс рэформаў».

Як лічыць амбасадар Вік, Беларусь мела магчымасьць дамагчыся некаторае міжнароднае падтрымкі ды ініцыяваць працэс нармалізацыі стасункаў з ключавымі эўрапейскімі інстытутамі — такімі як, напрыклад, Эўрапейскі Зьвяз, Эўрапарлямэнт, Рада Эўропы, дзе Беларусь мела статус адмыслова запрошанай. Аднак, зазначае аўтар, урад прадпрыняў вялікія намаганьні, каб прывесьці людзей на выбарчыя ўчасткі ды прадухіліць удзел у выбарах кандыдатаў, якія маюць важкую рэпутацыю і займаюць крытычную ў дачыненьні да ўрада пазыцыю. Гэта выклікала адмоўную рэакцыю жыхароў, і ў выніку многія выбаршчыкі не ўзялі ўдзел у галасаваньні.

На сёньняшняй сустрэчы спадар Вік нагадаў, што заявы афіцыйных ворганаў пра вынікі парлямэнцкіх выбараў у 110 акругах успрымаюцца са скептыцызмам шэрагам міжнародных інстытутаў і ўрадаў. Вялікая колькасьць справаздачаў паступіла ў КНГ АБСЭ ды іншыя арганізацыі, дзе ўказаныя парушэньні ў працэсе датэрміновага галасаваньня, гаворыцца пра злоўжываньні перасоўнымі скрынямі для галасаваньня. Аднак найбольш распаўсюджаны мэтад карэктаваньня вынікаў выбараў, як зазначае кіраўнік КНГ АБСЭ, заключаецца ў зьмяненьні колькасьці зарэгістраваных выбаршчыкаў.

Лідэры партыяў, сярод якіх сёньня пасьля працяглага перапынку зьявіўся Мікола Статкевіч, абмяняліся думкамі наконт выбараў.

Уладзімер Глод, Менск

XS
SM
MD
LG