Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Да двух гадоў пазбаўленьня волі з адтэрміноўкаю на год асуджаная жонка экс-прэм’ера Юлія Чыгір за тое, што, абараняючы сябе, нанесла траўму маёру міліцыі. Асуджаная заявіла , што будзе абскарджваць прысуд у вышэйшай судовай інстанцыі і абвінаваціла судзьдзяў у змове зь міліцыяй і ўладамі.

Паводле прысуду, вынесенага сёньня Юліі Чыгір, на працягу года ёй пагражае два гады турмы ў выпадку парушэньня нават Адміністрацыйнага кодэксу. Заля адрэагавала на словы судзьдзі Іны Ўгнівенкі воклічамі “Ганьба”, а Юлія Чыгір гучна адказала судзьдзям, што ёй зразумелы прысуд, і цьвёрда дадала, што абавязкова будзе яго абскарджваць на ўсіх магчымых ўзроўнях. Пры гэтым кветкі ў руках Юліі Чыгір, падараваныя дачкою былога міністра сельскае гаспадаркі Васіля Лявонава Сьвятланай, задрыжэлі. Было бачна, што асуджаная трымаецца на мяжы эмацыйнага зрыву. І ўсё ж праз хвіліну яна сабралася й пачала адказваць на пытаньні журналістаў.

Юлія Чыгір заявіла, што мінулы працэс — безумоўны доказ панаваньня ў краіне сілаў зла й помсты. Асабіста ёй, як яна мяркуе, могуць помсьціць і Аляксандар Лукашэнка, і генэральны пракурор, і галоўныя міліцыянты, на адрэсу якіх яна неаднойчы выказвала самую прынцыповую крытыку. Юлія Чыгір гатовая прайсьці ўвесь шлях абскарджваньня, хоць упэўнена, што пры цяперашнім рэжыму гэта безсэнсоўна. Але ў будучыні, абяцае жонка экс-прэм’ера, яна абавязкова даб’ецца асуджэньня тых, хто займаўся яе перасьледам.

(Чыгір: ) “Гэта, па-першае, пацярпелы, па-другое, сьледчы, які вёў маю справу, пракурор, якая адстойвала абвінавачаньне, ну і судзьдзі…Прычым, вельмі цікава – некалькі год назад, калі ў майго сына была скрадзеная машына, гэтыя судзьдзі, судзьдзя Ўгнівенка і засядальнік, таксама разглядалі гэтую справу. Аказалася, што скралі машыну людзі, якія мелі дачыненьне да міліцыі. Яны атрымалі вельмі маленькія тэрміны, праз некалькі месяцаў былі на свабодзе і пагражалі майму сыну. Сёньня гэтыя ж судзьдзі судзілі мяне. Я разумею, што гэта судзьдзі, якія супрацоўнічаюць з міліцыяй”.

Цікава, што сёньня агалошваньне прысуду адбывалася ў самай вялікай залі судовага комплексу на вуліцы Дуніна-Марцінкевіча. І міліцыянтаў-АМАПаўцаў, як ў той дзень 19 траўня, калі ўзьнікла сутычка на ганку гэтага ж будынку, бачна не было. Параўноўваючы сёньняшнія ўмовы з тымі, асуджаная тым больш перакананая, што менавіта правакацыйныя дзеяньні міліцыі сталі прычынаю тае сутычкі.

(Чыгір: ) “Сёньня нас сюды паклікалі як насьміхаючыся над намі. Вось мы захаавелі сёньня – выносім вам прысуд у вялікай залі, без міліцыі, без АМОНа. Чым патлумачыць іх паводзіны ў той дзень. Яны кажуць, што ніхто не адмаўляўся ад таго, што будуць запушчаныя ў залю сваякі. Чаму ж тады сваякоў не пускалі, чаму ж тады радня стаяла пад судом больш чым гадзіну, чаму?”

У сёньняшнім судовым паседжаньні бралі ўдзел прадстаўнікі некалькіх дыпляматычных місіяў — Нямеччыны, Францыі, назіральнікі АБСЭ й дыпламаты зь іншых краінаў. Паводле іхных заяваў, яны разглядаюць судовую справу супраць Юліі Чыгір як яскравы доказ грубага парушэньня правоў асобы ў Беларусі.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG