Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Брытанскі часопіc Economist зьмясьціў надзвычай змрочны артыкул пра Беларусь пад загалоўкам “Bathetic in Belarus”, што прыблізна можна перакласьці, як “безнадзейная, найгоршая з магчымых сытуацыя ў Беларусі”. Як аўтар аргумэнтуе пэсімізм?

“Несапраўдныя вынікі несапраўдных выбараў у несапраўдны парлямэнт. Інакш кажучы, тое, што звычайна ў беднай Беларусі” – піша брытанскі часопіс Economist. Усё гэта ў часе, калі суседзі Беларусі на захадзе і поўначы ў бліжэйшыя гады маюць шанец далучыцца да Эўразьвязу. У іх улада разумна перадаецца з рук у рукі адказных палітыкаў. На фоне сытуацыі ў Беларусі, нават далёка недасканалая расейская дэмакратыя выглядае прывабна.

Паглыбленьне беларускай галечы - лічыць Economist -уздымае пытаньне, ці прапанаваная ёю мадэль аб’яднаньня з Расеяй наагул ажыцьцявіцца. Хутчэй за ўсё, адчуваючы настроі ў расейскім грамадзтве, Уладзімір Пуцін захоча праглынуць Беларусь. Неясна толькі, ці пагодзіцца з гэтым і пойдзе на такі варыянт дзівакаваты і крыўдлівы Аляксандар Лукашэнка. 19-га кастрычніка чакалася, што абодва прэзыдэнты пацьвердзяць імкненьне іхніх краінаў да аб’яднаньня – нагадвае брытанскі часопіс Economist.

Раней сёлета беларускі рэжым абяцаў прыслухацца да патрабаваньняў з боку міжнародных арганізацыяў і стварыць лукашэнкавым апанэнтнам раўнапраўныя перадвыбарчыя ўмовы. На самой справе, ніводнага са сваіх абяцаньняў рэжым ня выканаў.

Новы выбарчы закон дазволіў уладам пазбавіць права балатавацца дзесяткаў незалежных кандыдатаў. Хаця ўсе кандыдаты атрымалі вельмі мала эфірнага часу, дзяржаўныя СМІ пасьпелі прадставіць іх не інакш, як злодзеяў, фашыстаў, наркаманаў, крымінальнікаў, амэрыканскіх марыянэтак і гомасэксуалістаў. Тых, хто распаўсюджваў улёткі з заклікам да байкоту выбараў, міліцыя затрымлівала. У выніку, адзначае Economist, няма падставаў для спадзяваньня, што новы парлямэнт будзе лепшы і больш незалежны за папярэдні.

Улічваючы перадвыбарчыя рэаліі, беларуская апазыцыя пераважна байкатавала выбары, а міжнародныя арганізацыі, такія як АБСЭ і Рада Эўропы, абмежавалі сваю прысутнасьць у часе выбараў да групы “тэхнічных назіральнікаў”. Яны заявілі, што выбары не адпавядалі мінімальным дэмакратычным стандартам. Зразумела, афіцыйны Менск успрыняў гэта як выкручваньне рук (грубае ўмяшаньне) з боку ЗША. Лукашэнка прадказваў выбарчую актыўнасьць на узроўні 70 %. Згодна афіцыйным паказьнікам, галасавала 60 % выбаршчыкаў, аднак паводле падлікаў апазыцыяі, на самой справе іх было ня больш 45%, і выбары не адбыліся - піша Economist.

Брытанскі часопіс канстатуе, што абсалютна ігнаруючы ўсе прынцыпы дэмакратыі, Лукашэнка ўсё ж застаецца пры ўладзе. Апазыцыя, некаторыя прадстаўнікі якой зьніклі і, магчыма, ужо не жывуць, некаторыя зьняволеныя альбо ў выгнаньні – раздробленая, а крытыка рэжыму звонку мала эфэктыўная.

Зараз увага канцэнтруецца на прэзыдэнцкіх выбарах у лістападзе наступнага году, якія, як мяркуецца, будуць паўторам апошніх, парлямэнцкіх выбараў. Паводле Economist, зараз перад Беларусьсю ўзьнікаюць тры важныя пытаньні: па-першае, ці беларуская апазыцыя здолее аб’яднацца вакол аднаго аўтарытэтнага лідэра накшталт Ваіслава Каштуніцы ў Югаславіі. Па-другое, як адрэагуе на зьяўленьне канкурэнта Аляксандар Лукашэнка. І нарэшце, як Расея паставіцца да са сваёй клапатлівай суседкі -Беларусі?

Праціўнікі рэжыму нагадваюць Лукашэнку пра магчымасьць “югаслаўскага варыянту”, але ўмовы для такога разьвіцьця ў Менску менш спрыяльныя чым ў Белградзе, – піша Экономіст. Сярод беларусаў больш апатыі, затое менш нацыянальнай сьвядомасьці і патрыятызму.

Апазыцыя ў Беларусі нашмат слабейшая. Далейшае зьбядненьне грамадзтва ўзмацняе незадаволенасьць, але пакуль Расея будзе пастаўляць Беларусі энэрганозьбіты, ейная эканоміка цалкам не разваліцца. “Сытуацыя нагадвае часы Савецкага Саюзу, калі ўсё, што было галоўным, вырашалася ў Маскве” – брытанскі часопіс цытуе аднаго беларускага сацыёляга.

Пакуль што няясная сытуацыяў Беларусі працягваецца. Пуцін, прынамсі, на першы погляд, ставіцца да беларускага кіраўніцтва з пагардай, але тое, што ён у сапраўднасьці думае, застаецца таямніцай. Лукашэнка заяўляе, што Беларусь захавае незалежнасьць нават пасьля аб’яднаньня з Расеяй, Масква адтэрміноўвае ўвядзеньне сумеснай валюты, затое ахвоча карыстаецца вайсковымі базамі і пасярэдніцтвам Менску ў гандлі зброяй.

Кастусь Бандарук, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG