Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


“Паважаная рэдакцыя, мы б хацелі расказаць вам, як адбываліся выбары ў нашым унівэрсытэце”, – з адмысловым лістом зьвярнуліся да сродкаў масавай інфармацыі студэнты гарадзенскага мэдычнага ўнівэрсытэту. Факты, якія апісваюць навучэнцы, настолькі ўражваюць, што інфармацыя гарадзенскіх студэнтаў ужо гучыць за межамі Беларусі…

Учора ў Варшаве на канфэрэнцыі Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе, прысьвечанай гуманітарным праблемам, ад імя грамадзянскай ініцыятывы Хартыя-97 і Міжнароднай лігі правоў чалавека выступіў Уладзімір Кобец, які расказаў пра палітычную сытуацыю ў Беларусі і спыніўся на тэме выбараў. Асаблівы акцэнт Уладзімір Кобец зрабіў на лісьце гарадзенскіх студэнтаў. Дарэчы, у гарадзенскім рэгіёне – самы высокі паказьнік яўкі выбаршчыкаў.

“З набліжэньнем 15-га кастрычніка, – пішуць студэнты, – моладзь пачала думаць, браць ці ня браць удзел у выбарах. Далей цытую ліст: “Пятніца, 13-га кастрычніка, запомніцца як чорны дзень у нашай гісторыі. Прыкладна аб 11 гадзіне ўсе аддзяленьні атрымалі загад з кабінэту рэктара “вызваліць студэнтаў ад лекцыяў і сэмінараў для ўдзелу ў датэрміновым галасаваньні. Многія прафэсары сталі апантана выконваць загад, пэрсанальна суправаджаючы студэнтаў на выбарчыя ўчасткі. Падобныя захады абурылі нават тых студэнтаў, якія ад пачатку пастанавілі галасаваць. Але далей было горш. А 2-й гадзіне дэканы факультэтаў мелі сьпіс студэнтаў, якія адмовіліся галасаваць пад ціскам. Хутка перасьлед гэтых студэнтаў наладзілі ў інтэрнатах”.

“Уявіце, – апэлююць гарадзенскія студэнты, – нехта грукае ў дзьверы, вы адчыняеце і бачыце трох дэканаў. Пасьля высьвятленьня, на якім факультэце студэнт вучыцца, адпаведны дэкан энэргічна высьвятляе прычыну, чаму студэнт адмовіўся скарыстацца ягоным ці ейным свабодным правам галасаваць. Уся гэтая шарада працягвалася да нядзельнага вечару. Вяршыняй гэтага ўсяго сталі сур’ёзныя пагрозы ў бок студэнтаў, прыкладам, пагроза выключэньня. Такім чынам, амаль 100 працэнтаў былі дасягнутыя”.

Далей студэнты Гарадзенскага мэдычнага ўнівэрсытэту пішуць, што, паводле іхнай інфармацыі, толькі 49 працэнтаў навучэнцаў выказвалі жаданьне браць удзел у выбарах.

На тое, што ўлады фальсыфікуюць вынікі галасаваньня і колькасьць удзельнікаў у ім, указвае ў заяве і Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ. У заяве гаворыцца: “Нягледзячы на прымус і застрашваньне грамадзянаў, нягледзячы на наладжваньне прымусовага так званага папярэдняга галасаваньня, уладам удалося прыцягнуць на выбарчыя ўчасткі менш за палову выбаршчыкаў. Бальшыня грамадзянаў Беларусі сьведама не прызналі лукашэнкаўскіх выбараў. Беларускі народны фронт “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ не прызнае гэтых выбараў і зьвяртаецца да ўсіх беларускіх арганізацыяў не прызнаваць вынікаў галасаваньня. У Беларусі мусяць адбыцца законныя выбары, якія маюць права прызначаць законна абраныя ворганы ўлады – Вярхоўны Савет Беларусі”.

Красамоўна пра выбары ў Беларусі паведаміла амэрыканская газэта Washington Times у артыкуле “Змаганьне за Беларусь”: “Людзі, якія жывуць пры апошняй дыктатуры ў Эўропе, сустрэлі гэтыя парлямэнцкія выбары маўчаньнем. Апазыцыйныя партыі заклікалі грамадзянаў да байкоту. І тое, што яны не сказалі на выбарчых участках, ад іх імя паведаміла міжнародная супольнасьць”.

Вольга Караткевіч, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG