Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 17 кастрычніка)
Пракурор Любоў Гаркуша запатрабавала прызначыць пакараньне — тры гады зьняволеньня з адтэрміноўкаю — для жонкі экс-прэм’ера Чыгіра Юліі Чыгір, якая, абараняючы сябе, укусіла за вуха міліцыянта…

Працэс над Юліяй Чыгір перайшоў у заключную стадыю — сёньня пачаліся судовыя спрэчкі й стала вядома, якое пакараньне рэальна пагражае жонцы экс-прэм’ера за тое, што ў дзень, калі асуджалі ейнага мужа, яна пакусала вуха міліцыянту. Пракурор Любоў Гаркуша ацаніла траўму вуха на тры гады зьняволеньня з адтэрміноўкаю на працягу двух гадоў, прычым гэтае пакараньне пракурор лічыць мінімальным.

Больш чым гадзіну Любоў Гаркуша даказвала суду, хто быў вінаваты ў сутычцы 19 траўня. На ейную думку, вінаватым быў не міліцыянт Анатоль Амельчанка, які напаў на Юлію Чыгір, а, наадварот, яна была галоўнай прычынаю здарэньня. Аргумэнтацыю пракурор Гаркуша выкарыстоўвала нагэтулькі складаную, што я не бяруся яе пераказваць, а лепш працытую. Вось адна цытата з прамовы пракурора Любові Гаркушы…

(Гаркуша: ) “Амельчанка таксама выконваў загад па ажыццьяўленьні грамадзкага парадку як у будынку суда, так і на прылеглай да яго тэрыторыі… ажыцьцяўляў ажыцьцяўленьне і, бачучы, што гэты грамадзкі парадак парушаецца, парушаецца неправамернымі дзеяньнямі падсуднай, ён нейкім чынам, быць можа ня вельмі ўдалым чынам, але спыніў ажыццьяўленьне супрацьзаконных дзеяньняў…і супрацьпраўнага парушэньня грамадзкага парадка”.

Гэта, калі я слушна зразумеў, пракурор давала адзнаку дзеяньням міліцыянта Анатоля Амельчанкі, чыё вуха ўкусіла Юлія Чыгір. Далей спадарыня Гаркуша ў гэткім жа бліскучым стылі прааналізавала сабраную сьледчымі базу доказаў, паказаньні сьведкаў з абодвух бакоў і перайшла да высноваў, пра якія я ўжо паведаміў.

На думку пракурора, Юлія Чыгір ўсё ж ня вартая ізаляцыі. Каб гэта абгрунтаваць, Любоў Гаркуша нават працытавала сьведкаў, якія казалі, што “Юлія Чыгір прыгожая жанчына й выдатная суразмоўніца”. Праўда, адразу пасьля камплімэнтаў прагучалі й заўвагі на адрэсу жонкі былога прэм’ера. Паводле пракурора, яна не ўмее наладжваць добрыя стасункі з прадстаўнікамі ўлады. “Яна зьняважліва ставілася да сьледчых і супрацоўнікаў праваахоўных ворганаў, у тым ліку асабіста да мяне”, — паскардзілася судзьдзям пракурор Гаркуша.

Юлія Чыгір, камэнтуючы выступ пракурора, пагадзілася, што паміж імі ў судзе ўзьнікалі спрэчкі: “Чамусьці яна сьмяялася, калі я распавядала пра тое, як мяне траўмаваў міліцыянт Амельчанка”, — заўважыла жонка экс-прэм’ера. Але яна ня лічыць, што запатрабаваныя тры гады для яе — асабістая помста гэтае супрацоўніцы пракуратуры…

(Чыгір: ) “Мая справа вырашаецца ня тут, ня ў гэтым судзе. У той жа, можа, пракуратуры рэспублікі. Я ненавісная на сёньняшні дзень гэтым ворганам на высокім узроўні і думаю, што са мной проста хочуць разьлічыцца за тыя скрагі, за тыя заявы, якія я раней падавала. Апраўданьня я не чакаю”.

— мяркуе жонка экс-прэм’ера.

Паводле адвакатаў, прысуд Юліі Чыгір будзе абвешчаны ў бліжэйшыя дні.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

XS
SM
MD
LG