Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Місія тэхнічных экспэртаў Бюро дэмакратычных ініцыятываў і правоў чалавека, якая 18 кастрычніка завяршае працу ў Менску, распаўсюдзіла прэсавы рэліз, у якім сьцьвярджаецца, што Бюро ня мае ніякіх дачыненьняў да высноваў, што зрабілі некаторыя мжнародныя назіральнікі, акрэдытаваныя пры Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі. Бюро таксама лічыць, што меркаваньне гэтых назіральнікаў адмыслова накіроўвалі ў пэўнае рэчышча…

Сёньняшні прэсавы рэліз Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека стаў адказам на нядаўняе паведамленьне Міністэрства замежных справаў Беларусі, у якім сьцьвярджалася, што ў высновах больш чым 140 незалежных міжнародных назіральнікаў з 28 дзяржаваў адзначаны свабодны й справядлівы характар выбараў у “Палату прадстаўнікоў”. Адначасова МЗС абвінаваціў місію, што працавала ў Беларусі, у неаб’ектыўнасьці.

У сваю чаргу Бюро дэмакратычных інстытутаў зьвяртае ўвагу грамадзкасьці на наступныя факты. Па-першае, бальшыня з акрэдытаваных пры ЦВК назіральнікаў прыехалі на запрашэньне беларускіх уладаў і прабылі ў Беларусі толькі некалькі дзён. Па-другое, у Бюро ёсьць інфармацыя, што ЦВК аплочвала або прапаноўвала аплаціць выдаткі за пражываньне ў гатэлі некаторых міжнародных назіральнікаў.

Згадваюцца і іншыя факты, якія супярэчаць міжнародным стандартам. Напрыклад, у дзень выбараў Цэнтральная выбарчая камісія арганізоўваў супольныя аўтобусныя паездкі назіральнікаў на выбарчыя ўчасткі. Без дазволу Бюро і ягонае менскае місіі ўся тая ж ЦВК раздала міжнародным назіральнікам спраўджальныя формы Бюро. А пасьля выбараў Цэнтральная выбарчая камісія дала для подпісу міжнародным назіральнікам загадзя падрыхтаваныя заявы са станоўчай ацэнкаю выбараў.

Усе гэтыя факты даюць Бюро падставу заявіць пра тое, што “Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ ня мае ніякіх адносінаў да высноваў, што зрабілі некаторыя міжнародныя назіральнікі, думкамі якіх, як высьветлілася, маніпулявалі”.

Бюро зьвяртае ўвагу й на тое, што ягоная місія працавала ў Беларусі на працягу месяца, а значыць, мела куды больш часу й магчымасьцяў ацаніць выбарчы працэс, чым госьці-назіральнікі.

Уладзімер Глод, Менск

XS
SM
MD
LG