Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Кандыдаты ў дэпутаты ў гомельскай Сельмашаўскай выбарчай акрузе №34 Валянціна Савасьценка і Ўладзімер Сякерка зьвярнуліся ў акруговую камісію і Цэнтральную выбарчую камісію з заявамі ў справе прызнаньня выбараў у акрузе несапраўднымі.

Прафэсар катэдры фізыкі Беларускага ўнівэрсытэту транспарту, кандыдат у дэпутаты Валянціна Савасьценка не пагадзілася з афіцыйнымі вынікамі галасаваньня, нягледзячы на тое, што выйшла ў другі тур выбараў, прызначаны на 29 кастрычніка.

У заяве адносна прызнаньня выбараў несапраўднымі спадарыня Савасьценка прыводзіць шэсьць пунктаў парушэньня Выбарчага кодэксу камандаю ейнага суперніка, кандыдата ад улады Юрыя Астапчанкі, а таксама ўчастковымі камісіямі супольна з кіраўніцтвам аб'яднаньня “Гомсяльмаш”, якія зацікаўлена працавалі на “ўладнага кандыдата”.

У шэрагу парушэньняў ня толькі наглядная агітацыя на ўчастках у дзень выбараў за генэральнага дырэктара канцэрну “Белрэсурсы” Астапчанку і неадпаведны Выбарчаму кодэксу падлік галасоў, але й існаванне на 24 участках гэтак званых “групаў рэагаваньня” ад “Гомсяльмашу”. Давераныя асобы Валянціны Савасьценкі атрымалі цікавы дакумэнт з назваю “Замацаваньне”, падпісаны выконваючым абавязкі генэральнага дырэктара “Гомсяльмашу” Іванам Пратурам. Паводле гэтак званага “Замацаваньня”, у дзень выбараў старшыні ўчастковых камісіяў пэрыядычна давалі інфармацыю кіраўнікам сяльмашаўскіх “групаў рэагаваньня”, а тыя ў сваю чаргу хадзілі па кватэрах і вымушалі выбаршчыкаў ісьці на ўчасткі. Апроч таго, аб'яднаньне фінансавала на карысьць кандыдата Астапчанкі нечарговы выхад шматтыражнае газэты “Сяльмашавец” накладам 20 тысячаў асобнікаў — у дзесяць разоў больш звычайнага.

Паводле сьцьвярджэньня Валянціны Савасьценкі, некаторыя ўчасткі дастаўлялі незапоўненымі пратаколы вынікаў галасаваньня ў акруговую камісію №34, якую ўзначальвае загадчыца аддзелу адміністрацыі Чыгуначнага раёну Людміла Расказава. Зьвесткі падтасоўваліся, таму камісія ажно да трох гадзінаў ночы не магла аб'явіць вынікі галасаваньня ў акрузе.

Сярод іншых нечаканасьцяў выбарчае кампаніі ў рэгіёне зьявіўся перагляд папярэдніх вынікаў галасаваньня ў Жлобінскай акрузе №42 й Калінкавіцкай №43. Раней паведамлялася, што там абраны дэпутатамі ў першым туры адпаведна начальнік цэху Беларускага мэталюргічнага заводу Іван Мельнікаў і пракурор Акцябарскага раёну Міхал Мірановіч. Зараз акруговыя камісіі заяўляюць, што пры падліку адбылася памылка. У акругах патрэбны другі тур галасаваньня…

Казімер Яноўскі, Гомель

XS
SM
MD
LG