Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Віцебскія ўлады ўпарта не жадаюць зьмірыцца з тым, што выбары 15 кастрычніка ў абласным цэнтры не адбыліся. Сёньня тут распачаўся актыўны пошук вінаватых. На выбары ж у Віцебску аб’явіўся Мірон.

Старшыня віцебскага аблвыканкаму Ўладзімер Андрэйчанка склікаў да сябе 17 кастрычніка ўсіх раённых вэртыкальшчыкаў. Як і трэба было чакаць, не на чарговую нараду, а на начальніцкі разгон з нагоды праваленых у Віцебску выбараў.

Як вядома, выбары ў Віцебску не адбыліся па ўсіх чатырох віцебскіх акругах, і цяпер супрацоўнікі райвыканкамаў як дрэнныя вучні мусяць зрабіць работу над памылкамі. Так адміністрацыя Чыгуначнага раёну гораду разаслала па ўсіх раённых прадпрыемствах ды ўстановах тэлефанаграму наступнага зьместу (цытата ў перакладзе на беларускую): “У сувязі з выбарамі, якія не адбыліся, 17 кастрычніка да 10 гадзінаў просім паведаміць поўную назву арганізацыі, прозьвішча ды імя кіраўніка, хатні адрас, нумар акругі, нумар участку, дзе мусіў галасаваць ды ці прыняў удзел у выбарах. Адказы дасылаць у райвыканкам па факсе”(канец цытаты).

Можна меркаваць, што ніводная кіраўнічая асоба не захоча заставацца скрайняй, і таму форма гэтага дакумэнту можа быць запоўненая дадзенымі любога шараговага супрацоўніка. Зрэшты, гэткія шарагоўцы і стварылі віцебскі прэцэдэнт.

Дарэчы, шмат хто з віцяблянаў дзівіўся сёньня ня столькі вынікам праваленых выбараў, колькі зьменам у зьнешнім абліччы Віцебску, якія адбыліся ў дзень 15 кастрычніка. Менавіта ў гэты дзень на васьмі пад’яздных дарогах, што вядуць у абласны цэнтар, восем сымбалічных праваслаўных крыжоў страцілі па адной перакосіне ды сталіся не расейскімі, як сьцьвярджаюць тутэйшыя знаўцы беларушчыны, а падобнымі да крыжа Эўфрасіньні Полацкай. Гэтую ж думку пацьвердзіла і запіска, знойдзеная пад адным з папраўленых крыжоў. У ёй былі словы “Не – абмаскальваньню беларусаў!” ды подпіс “Мірон”.

Браніслава Станкевіч, Віцебск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG