У Менску падатковая інспэктары апісалі маёмасьць прыватнае
друкарні “Мэджык”.
Кіраваў вопісам маёмасьці “Мэджыку” падатковы інспэктар Ленінскага раёну
Яраслаў Раманчанка. Ён паведаміў нашаму радыё, што вопіс праводзіць паводле
загаду свайго начальства. У прысутнасьці сьведкі Жаны Хадатовіч быў складзены
акт, у які дзяржаўныя фінансысты ўключылі абсталяваньне прыватнае друкарні.
Гаворыць дырэктар “Мэджыку” Юры Будзько:
“Гэта — тэхналягічная лінія выпуску газэтаў: вялікі афсэтны варштат,
фармовыя аўтаматы — праявачны й засьветачны — і вялікая вырабляльная лінія.
На той момант, калі гэтае гэтае абсталяваньне апынулася ў Беларусі, ягоны
кошт складаў 360 тысячаў даляраў. Аднак зараз яно каштуе нашмат болей,
бо мы гэтыя друкарскія машыны дапоўнілі дадатковымі прыстасаваньнямі. У
нашых бугальтарскіх дакумэнтах усё гэта фігуруе як абсталяваньне, што было
арэндавана ў Інстытуту Адкрытага Грамадзтва”, — зазначыў Юры Будзько.
Дарэчы, пытаньне пра сапраўднага ўласьніка абсталяваньня прыватнае друкарні
сталася сёньня прадметам рознагалосьсяў паміж кіраўніцтвам “Мэджыку” й
падатковымі інспэктарамі. На думку падатковых інспэктараў, маёмасьць “Мэджыку”
на самрэч зьяўляецца маёмасьцю зьліквідаванага 3 гады таму Беларускага
фонду Сораса. Юры Будзько рашуча абверг гэтае меркаваньне і адмовіўся прызнаць
гэта ў пісьмовым дакумэнце.
Вось як ён пракамэнтаваў сваю пазыцыю:
“У дадзеным выпадку спрэчка адбываецца паміж Фондам Сораса й падатковай
інспэкцыяй. “Мэджык” да гэтае спрэчкі ня мае ніякага дачыненьня. І калі
ў “Мэджыка” канфіскуюць гэтае абсталяваньне, дык гэтым ягоныя інтарэсы
будуць груба парушаныя. Закон сьцьвярджае, што ў гэтай канкрэтнай сытуацыі
або мусіць скончыцца тэрмін дзеяньня кантракту, або ён мусіць быць спынены
Інстытутам Адкрытага Грамадзтва. Толькі пасьля гэтага можна апісваць маёмасьць,
накладаць на яе “арышт”, — лічыць Юры Будзько.
Сёньняшняя акцыя ўладаў прыцягнула ўвагу амбасады ЗША ў Беларусі. Пад
час вопісу прысутнічаў ейны прадстаўнік Крыс Робінсан.
Міхал Стэльмак, Менск
Самае папулярнае
1