Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Лідэры аб’яднанай апазыцыі лічаць, што кампанія байкоту выбараў у гэтак званую “Палату прадстаўнікоў” прайшла ўдала. Паводле зьвестак незалежных назіральнікаў, учорашнія выбары не адбыліся ў пераважнай большасьці акругаў Беларусі. Апазыцыянэры сьцьвярджаюць, што ўлады цалкам сфальшавалі вынікі галасаваньня.

Сёньняшняя прэсавая канфэрэнцыя арганізатараў кампаніі байкоту выбараў пачалася наступнымі словамі лідэра БНФ Вінцука Вячоркі:

(Вячорка: ) “Мы пацьвярджаем першыя высновы, якія былі зробленыя на падставе зьвестак, сабраных незалежнымі назіральнікамі, – гаварыць пра тое, што адбыліся выбары, рэжым ня мае ніякіх падставаў. Байкот адбыўся. Байкот удаўся, і гэта самае галоўнае. Зразумела, сярод тых людзей, якія не прыйшлі на выбарчыя ўчасткі, былі тыя, хто проста праспаў альбо кудысьці зьехаў і палітычна не матываваў свой выбар. Але тое, што ён адбыўся, паказвае, што вялікая частка грамадзтва насуперак, дарэчы, усім сацыялягічным прадказаньням, насуперак перакананьням уладаў… людзі не захацелі падтрымліваць рэжым”.

Паведаміў спадар Вячорка.

Так, паводле зьвестак апазыцыйных назіральнікаў, больш як 50 адсоткаў грамадзянаў Беларусі ва ўчорашніх выбарах удзелу ня бралі. Лідэр АГП Анатоль Лябедзька дадаў, што яшчэ 25 адсоткаў выбаршчыкаў галасавалі прымусова. Выкарыстаўшы гэтак званы “адміністратыўны рэсурс”, улады змусілі нямала людзей прагаласаваць. Паводле словаў спадара Вячоркі, тут асабліва вызначыліся чыноўнікі выканкамаў, кіраўнікі прадпрыемстваў, адміністрацыі навучальных установаў Гарадзеншчыны, дзе толькі ў датэрміновым галасаваньні ўзялі ўдзел каля 20 адсоткаў выбаршчыкаў.

Такім чынам, паводле словаў апазыцыянэраў, толькі ў Гарадзенскай вобласьці яўка ўдзельнікаў галасаваньня была высокай. На іншай жа тэрыторыі краіны выбары, на іхную думку, не адбыліся. Так, у Берасьці, Пінску, Баранавічах, Магілеве й Слоніме сярэдняя колькасьць выбаршчыкаў, што прыйшлі на ўчасткі, складала ад 41 да 45 адсоткаў, у Жодзіне — 40, у Маладэчне — 48 адсоткаў. Выбары не адбыліся і ў Салігорску, Наваполацку, Барысаве ды іншых буйных гарадох.

Найбольш вялікі размах фальшаваньні набылі ў Менску. Паводле словаў спадара Лябедзькі, учора ўвечары ўлады фактычна прызналі, што ў сталіцы выбары не адбыліся. На 18-ць гадзінаў лічба прагаласаваўшых складала 38 адсоткаў. Даўгі час пра вынікі выбараў у Менску нічога не паведамлялася, і вось сёньня ўраніцу Цэнтральная выбарчая камісія падае лічбу — больш як 50 адсоткаў прагаласаваўшых у сталічных акругах.

Паводле словаў апазыцыянэраў, у апошнія дзьве гадзіны ўлады амаль адкрыта фальшавалі вынікі галасаваньня ў сталіцы. Кіраўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Беляцкі, напрыклад, паведаміў, што сябры ўчастковых камісіяў выкрэсьлівалі са сьпісаў дзясяткі й нават сотні выбаршчыкаў, каб колькасьць тых, хто прагаласаваў, была вышэйшай.

Спадар Беляцкі таксама зачытаў скаргі студэнтаў шэрагу гарадзенскіх ВНУ, якіх прымушалі прагаласаваць датэрмінова. Шмат парушэньняў было і ў часе галасаваньня з вынаснымі выбарчымі скрынямі.

Паводле зьвестак цэнтру “Вясна”, на працягу усёй кампаніі байкоту, міліцыяй было затрымана каля 200 яе актыўных удзельнікаў. Аднак байкот даў свой плён. Гаворыць Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Тактыка актыўнага байкоту была адзіна правільнаю для аб’яднанай дэмакратычнай апазыцыі. І калі спадар Бэрэндт прызнаў, што тактыка байкоту прынесла свой плён, то мы лічым, што гэта сапраўдная, аб’ектыўная экспэртная ацэнка звонку таго, што адбывалася ў Беларусі”.

Паведаміў спадар Лябедзька.

Лідэры аб’яднанай апазыцыі выказалі спадзяваньне, што пасьля ўсіх шматлікіх парушэньняў і фальшаваньняў тыя іхныя калегі, што бралі ўдзел у выбарах, нарэшце, адумаюцца й далучацца да кампаніі байкоту. І, магчыма, неўзабаве ў Беларусі будзе створаны шматмільённы рух падманутых выбаршчыкаў. Байкатаваньне ж выбараў будзе працягвацца да другога туру галасаваньня, гэта значыць — да 29 кастрычніка.

Альгерд Невяроўскі, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG