Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Прадстаўнікі апазыцыі, што назіралі за выбарамі ў гэтак званую “Палату прадстаўнікоў, сьцьвярджаюць, што імі складзеныя “цэлыя фаліянты” пратаколаў пра парушэньні, якіх было безьліч. Некаторым назіральнікам нават удавалася схапіць за руку тых сяброў выбарчых камісіяў, якія ўкідвалі бюлетэні ў скрыні.

Кіраўнік Цэнтральнае каардынацыйнае рады ў справе назіраньня за выбарамі Мечыслаў Грыб лічыць, што вынікі галасаваньня, якія абвясьціла Цэнтральная выбарчая камісія, — заказныя, што на справе гэта былі “недэмакратычныя, несумленныя і несапраўдныя выбары”. Апазыцыя будзе зьбіраць доказы гэтага, складаць пратаколы пра парушэньні і аспрэчваць вынікі выбараў, бо, на думку Мечыслава Грыба, улады завысілі яўку выбаршчыкаў на ўчасткі ў сярэднім на 20%. Гаворыць кіраўнік Цэнтральнае каардынацыйнае рады ў справе назіраньня за выбарамі Мечыслаў Грыб:

(Грыб: ) “У нас было накіравана на назіраньне за выбарамі 5 тысяч 574 наглядальнікі ва ўсіх гарадох. Прыкладна каля 100 наглядальнікам было адмоўлена ў назіраньні па розных надуманых падставах. Зразумела, многіх проста выцягвалі і дастаўлялі ў міліцыю. Тым ня менш мы гэтае нагляданьне ўсё ж зьдзейсьнілі. Цяжка было гэта рабіць, таму што, напрыклад, учора хавалі зьвесткі, колькі людзе хавалі датэрмінова, ну і наогул, лічбы былі па горадзе Менску вельмі незадавальняльныя, але потым раптам яны памяняліся ў лепшы бок. Адкуль, што – сёньня цяжка сказаць. Напрыклад, акруга №99. Прагаласавала 45 працэнтаў, а сёньня Лідзія Міхайлаўна дакладае, што там выбары адбыліся, і што два кандыдаты там будуць змагацца ў другім туры”.

На гэтыя прэтэнзіі кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына адказала так:

(Ярмошына: ) “Мечыслаў Іванавіч, Вы ж ведаеце, што Вы маеце права зьвярнуцца…Вы ж ведаеце, што ў нас ідзе не ўдакладненьне дадзеных… Падвядзеньне вынікаў будзе праводзіцца з улікам усіх тых скаргаў. І пакуль ня будуць правераныя ўсе скаргі, якія датычацца парадку галасаваньня і падвядзеньня вынікаў выбараў па кожнай выбарчай акрузе, вынікі ня будуць падведзеныя”.

Назіральнікі зафіксавалі шмат розных парушэньняў. Гэта і агітацыя пад час выбараў, і прымушэньне выбаршчыкаў галасаваць, і фальшаваньне, — на ўсё гэта складаліся пратаколы, у якіх будуць аспрэчаныя вынікі псэўдавыбараў.

Назіральнікам удалося нават злавіць за руку сябра выбарчае камісіі, які, асабліва не хаваючыся, укідваў бюлетэні ў скрынку… Гаворыць Мечыслаў Грыб:

(Грыб: ) “За руку схапіў у 574 участку Генадзь Уладзімеравіч Быкаў, старшыня прафсаюза, які наглядаў на гэтым выбарчым участку, калі старшыня (ці намесьнік старшыні) укідваў загадзя запоўненыя ім бюлетэні ў скрыню для галасаваньня”.

На адным зь менскіх участкаў на вуліцы Маякоўскага назіральнікам ад Клюба выбаршчыў быў намесьнік старшыні АГП Аляксандар Дабравольскі:

(Дабравольскі: ) “Былі дадзеныя загады (а я, як назіральнік, высьветліў гэта) везьці ўсе пратаколы ўчастковых камісіяў спачатку на зацьверджаньне ў выканкам, і толькі пасьля іх камусьці паказваць. На сваім участку я дамогся тіаго, каб усё было паводле закону, каб патакол быў вывешаны, а на двух участках, якія былі побач, назіральнікам пратаколаў не далі – павезьлі ў выканкам. І яшчэ былі дадзеныя загады памяншаць колькасьць выбаршчыкаў за кошт тых, што выкрэсьлівалі са сьпісаў на падставе таго, што яны нібыта ў камандыроўцы знаходзяцца ці нібыта не жывуць там, дзе прапісаныя і так далей”.

Гэта быў Аляксандар Дабравольскі. Ён зазначыў, што пратаколы, якія незаконна вазіліся ў раённыя выканкамы, там карэктаваліся ў бок падвышэньня яўкі выбаршчыкаў.

Пра тое, што ў большасьці акругаў на справе выбары не адбыліся, заявіў сёньня й адзін зь лідэраў Лібэральна-Дэмакратычнае партыі Аляксандар Рабатай. Ён таксама паведаміў пра дзясяткі тысячаў парушэньняў, зафіксаваных назіральнікамі ад ЛДП.

“Самымі бруднымі выбарамі за гісторыю Беларусі” назваў гэтыя выбары лідэр Народнае Грамады Мікола Статкевіч.

Валер Каліноўскі, Менск

XS
SM
MD
LG