Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Назіральнікі ад Магілеўскага грамадзкага аб’яднаньня “Гуманітарная ініцыятыва” склалі больш за тысячу пратаколаў на парушэньні Закону аб выбарах. Акрамя гэтага, каардынатары назіральнікаў сёньня заявілі, што насамрэч у Магілеве і адным з раёнаў Бабруйску выбары ўвогуле не адбыліся.

Аднак, паводле папярэдніх дадзеных Магілеўскай вабласной выбарчай камісіі, выбары адбыліся ва ўсіх 13-ці акругах з сярэдняй актыўнасьцю 62%. Найбольшая актыўнасьць зафіксаваная ў Шклоўскім раёне – 83%. Пераважная большасьць аддала свой голас віцэ-сьпікеру так званай Палаты прадстаўнікоў Уладзімеру Канаплёву.

Увогуле, 6 чалавек абраныя на Магілеўшчыне з першага туру. Калега Канаплёва па дэпутацтве, дырэктар аграгандлёвай фірмы “Днепр” Валеры Ліпкін; міністар сельскай гаспадаркі Вадзім Папоў; намесьнік начальніка КГБ па Магілеўскай вобласьці Ўладзімер Марозаў; кіраўнік “Магілеўаблнафтапрадукту” Аляксандар Чачора і менскі прадпрыймальнік, дырэктар прадстаўніцтва швайцарскай фірмы Валяньцін Сімірскі. Усе – партэбныя ўладзе людзі.

У трох зь сямі параў, якія выходзяць на другі тур, фігуруюць дэпутаты так званай Палаты, дый іншых выпадковымі людзьмі ў выбарчай кампаніі не назавеш.

Як паведаміў каардынатар назіральнікаў ад дэмакратычных арганізацыяў Валеры Сівуха, пасьля апрацоўкі сваіх дадзеных, яны будуць скардзіцца ў пракуратуру, каб давесьці, што выбары ў трох Магілеўскіх і адной Бабруйскай акрузе не адбыліся, а колькасьць выбаршчыкаў нацягвалася ўсімі сродкамі. Прычым назіральнікаў часта не пускалі ў камісіі на падлік галасоў.

У Магілеўскіх акругах дадзеныя ўчастковых камісіяў не супадалі з акруговымі, дзе аб’яўлялася, што выбары адбыліся. Але ў адказ на заўвагі назіральнікаў прасілі ня блытаць прыватнае з агульным. Адзін з назіральнікаў паскардзіўся, што пасьля канфлікту ў камісіі ён быў зьбіты невядомымі.

Парушэньняў зафіксавана вельмі шмат. Напрыклад, ёсьць інфармацыя, што жанчыны з бюлетэнямі хадзілі з кайстрамі ў цэнтры Магілеву па кватэрах і прапаноўвалі людзям выканаць свой грамадзянскі абавязак на месцы.

Марыя Ўсьціновіч, Магілеў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG