Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У Менску знаходзіцца былая старшыня Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, а цяпер Ганаровая старшыня гэтай арганізацыі спадарыня Лені Фішар. Яна бярэ ўдзел у міжнароднай канфэрэнцыі “Эўропа XXI стагодзьдзе: жанчыны й палітыка”, якую наладзіў Жаночы незалежны дэмакратычны рух. Пад час канфэрэнцыі нашая карэспандэнтка пацікавілася стаўленьнем спадарыні Фішар да перадвыбарчае сытуацыі ў Беларусі.

Вядома, што ў 96-м годзе, напярэдадні рэфэрэндуму, старшыня Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Лені Фішар наведвала Беларусь. Сёньня пад час канфэрэнцыі яна ўзгадала тыя падзеі і нават публічна выказала сваё расчараваньне вынікамі таго візыту. Спадарыня Фішар адзначыла, што цяперашняя перадвыбарчая сытуацыя ў Беларусі чымсьці падобная на тую, што была чатыры гады таму.

Я запыталася ў спадарыні Фішар пра ейныя прагнозы адносна магчымае рэакцыі эўрапейскае супольнасьці на вынікі выбараў у “Палату прадстаўнікоў”…

(Фішар: ) “Мне вельмі цікавая гэтая краіна. Так, я была тут у 96-м годзе напярэдадні рэфэрэндуму. І зараз рэтраспэктыўна мне бачна, што праблемы трэба бало вырашаць яшчэ тады…

Але цяпер, напярэдадні выбараў, я ня ўмешваюся ў працу АБСЭ, ЭўраЗьвязу й гэтак далей. Я прыехала ў Менск на міжнародную канфэрэнцыю, каб падтрымаць большую еднасьць у жаночым асяродзьдзі”, — зазначыла Лені Фішар.

Ты ня менш, яна добра інфармаваная пра перадвыбарчую сытуацыю ў Беларусі:

“Я знаёмая з сытуацыяй, я чытала шмат аналітычных матэрыялаў, афіцыйных справаздачаў з розных крыніцаў і ведаю, што значныя парушэньні былі яшчэ да пачатку выбараў. І мне падаецца, што ў рэшце рэшт мы ўбачым цяжкую дэклярацыю ад імя “тройкі”. Я не працую над гэтым, таму не магу паведаміць, што менавіта ў ёй будзе. Але мы мусім у будучым знайсьці шлях для разьвіцьця дэмакратычных сілаў Беларусі”, — лічыць спадарыня Фішар.

Пакуль яна не гатовая прадказаць магчымую рэакцыю эўрапейцаў да вынікаў выбараў у “Палату прадстаўнікоў”.

(Фішар: ) “Цяпер сытуацыя вельмі падобная на тую, што была ў 96-м годзе. Існуе такая ж рэакцыя ўладаў. Яны даюць такія ж парады ўдзельнікам розных бакоў. І якія будуць наступствы, цяжка прадказаць. Усё залежыць ад пазыцыі ўладаў”.

— зазначыла Ганаровая старшыня Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы спадарыня Лені Фішар.

Ганна Соусь, Менск

XS
SM
MD
LG