Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Прадстаўнікі Каардынацыйнае рады ў справе назіраньня за выбарамі адзначаюць сур’ёзныя парушэньні заканадаўства з боку ўладаў у ходзе датэрміновага й сёньняшняга галасаваньня. Сябры ўчастковых камісіяў адмаўляюцца называць ім лічбу тых, хто прагаласаваў, а некаторых назіральнікаў нават не пускаюць на выбарчыя ўчасткі.

Акрамя сяброў палітычных партыяў, якія бяруць удзел у сёньняшніх выбарах, за ходам галасаваньня назіраюць прадстаўнікі незалежнае Каардынацыйнае рады. Яе старшыня, Мечыслаў Грыб, паведаміў нашаму радыё, што Каардынацыйная рада выставіла сваіх назіральнікаў на 5.574 выбарчых участках.

Паводле словаў спадара Грыба, такім чынам Каардынацыйная рада ахапіла сваімі прадстаўнікамі 75 адсоткаў выбарчых участкаў краіны. Аднак, сёньня ўраніцу назіральнікі ад Каардынацыйнае рады сутыкнуліся з сур’ёзнымі праблемамі. Гаворыць Мечыслаў Грыб:

(Грыб: ) ”Паводле ўсіх даведкаў, якія мы атрымалі з вобласьцяў і раёнаў, усе ўзроўні камісііяў – і ўчастковыя ў першую чаргу – атрымалі ўказаньне не называць нашым назіральнікам лічбу тых, хто прагаласавалі датэрмінова. Што за гэтым стаіць – я думаю, ня цяжка здагадацца: калі гэтая лічбане названая, то яе потым можна зрабіць іншай. Я па гэтым пытаньні зараз быў у АБСЭ, сустракаўся са сп.Рывалье, прасіў, каб яны ўзьнялі гэтае пытаньне ў ЦВК.

Па-другое, у шэрагу выпадкаў не дазваляюць нашым назіральнікам наглядаць за выбарчым працэсам. Патрабуюць дакумэнты, не прадугледжаныя заканадаўствам, і адпраўляюць іх з участкаў. Такія выпадкі адзначаныя ў Паставах, Барысаве, Бабруйску, Клецку, Копылі, на адным з участкаў Гомельскай вобласьці. Нашыя мяйсцовыя кіраўнікі там зьвяртаюцца да пракурораў, але ж, як мне паведамілі сёньня з Гомельскай вобласьці, ніводная пракуратура не дзяжурыць, акрамя, можа, вабласной.”

(Кар.: ) “На вашую думку, чаму ўлады дапускаюць такія парушэньні?"

(Грыб: ) ”Каб стварыць магчымасьць потым зрабіць вынікі галасаваньня такія, якія ім патрэбныя. Каб не было лішніх вачэй, каб ніхто ня бачыў, ня ведаў, як гэта ўсё адбываецца.”

Паведаміў нашаму радыё старшыня Каардынацыйнае рады ў справе назіраньня за выбарамі Мечыслаў Грыб.

Тое, што на шэраг выбарчых участкаў сёньня не былі дапушчаныя незалежныя назіральнікі, прызнаў і сакратар Цэнтральнае выбарчае камісіі Іван Ліхач. Паводле ягоных словаў, гэтыя людзі несваечасова прадаставілі ў мясцовыя выбарчыя камісіі ўсе неабходныя дакумэнты. Але, на думку спадара Ліхача, іх усё ж можна было дапусьціць да назіраньня за выбарамі. А вось паводле словаў старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, скаргі не дапушчаных на ўчасткі назіральнікаў ня могуць быць аб’ектыўнымі, паколькі ўсе гэтыя людзі, маўляў, працуюць на кандыдатаў-канкурэнтаў. Спадарыня Ярмошына таксама сьцьвярджала, што некаторыя назіральнікі заміналі працаваць участковым камісіям.

Нягледзячы на гэтыя парушэньні, Мечыслаў Грыб лічыць, што назіраць за выбарамі варта. На ягоную думку, назіральнікі цяпер набіраюцца карыснага досьведу, які ім спатрэбіцца на будучых прэзыдэнцкіх выбарах. Усе факты парушэньня выбарчага закону, а таксама падлік колькасьці тых, хто ўзяў удзел у галасаваньні, назіральнікі перададуць сёньня позна ўвечары ў КНГ АБСЭ. Вынікі працы назіральнікаў агучаць заўтра на прэсавай канфэрэнцыі сябры эўрапейскае “тройкі”.

Альгерд Невяроўскі, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG