Старшыня Пухавіцкае філіі БСДП “Народная Грамада” Мікола Ўсьціменка
накіраваў ліст у тэхнічную місію АБСЭ пра грубыя парушэньні заканадаўства
мясцовай выбарчай камісіяй.
Больш падрабязна пра адметнасьці выбарчага працэсу ў Мар’інай Горцы
ды ў іншых гарадох Менскае вобласьці распавядае наш карэспандэнт.
У сваім лісьце ў місію АБСЭ Мікола Ўсьціменка, як назіральнік за выбарамі
ў Пухавіцкім раёне, паведамляе, што кіраўнікі раёну, якія адначасова ёсьць
кіраўнікамі акруговае камісіі гэтымі днямі выселілі з будынку выканкаму,
дзе камісія разьмяшчалася, ейных шэраговых чальцоў. Яны, паводле інфармацыі
спадара Ўсьціменкі, зараз накіраваныя дзеля кадравага ўмацаваньня участковых
камісіяў. А кіраўнікі выканкаму — кіраўнікі акруговае камісіі — цяпер кантралююць
выбарчы працэс, не выходзячы з уласных габінэтаў.
Па-другое, паведамляе аўтар ліста, у Мар’інай Горцы зарганізаваныя сакрэтныя
ўчасткі №61 і №62. Яны так і названыя — сакрэтнымі — у адмысловай абвестцы,
што апублікаваная ў тутэйшай афіцыйнай газэце “Пухавіцкія навіны”…
Гаворыць Мікола Ўсьціменка:
( стужка , М.Усьціменка распавядае аб разьмешчаных за высокай агароджай
на тэрыторыі Марьінагорскай брыгады спэцназу двух выбарчых участках для
галасаваньня, куды не дапускаюць назіральнікаў: ) “Прычым, сфармаваныя
гэтыя камісіі выключна з вайскоўцаў. Гэта ж парушэньне арт. 13 Выбарчага
кодэксу. Я быў папярэджаны, што на гэтыя ўчасткі назіральнікі ніколі не
дапускаліся. Папярэджаньне атрымаў ад Цмаркавай – сакратара акружной выбарчай
камісіі. Там стаіць плот 2 мэтра вышыні, і туды прайсьці немагчыма”.
Імкненьне да патаемнасьці ў выбарчых справах заўважанае назіральнікамі
і ў іншых рэгіёнах Меншчыны.
Вось што мне распавёў у Барысаве на выбарчым участку №23 Анатоль Бельскі,
сябра мясцовае філіі БНФ:
(стужка, А.Бельскі распавядае пра тое, як яму не дазваляў назіраць за
выбарамі на згаданым участку старшыня ўчастковай камісыі спадар Брылюк:
) “Ціск быў, бо старшыні камісіі спачатку мала было нашага пасьведчаньня.
Я сказаў, што, калі нас выганяць адсюль, мы пратакол напішам, а пасьля
людзям давядзем, што адбылося. На такой ноце й скончылася”.
Як паведамляюць з Салігорску, там старшыня Клюбу выбаршчыкаў Мікола
Дзяленьдзік вось ужо два тыдні ня можа дамагчыся ад кіраўніцтва мясцовай
акруговае камісіі сьпісаў чальцоў участковых камісіяў — гэтыя сьпісы чамусьці
ў свой час не былі надрукаваныя. Паводле інфармацыі назіральнікаў, за 3
дні ўдзел у папярэднім галасаваньні ў розных рэгіёнах сталічнае вобласьці
ўзялі ў сярэднім ад сямісот да тысячы чалавек у кожнай акрузе.
Алесь Мікалайчанка, Менская вобласьць
Самае папулярнае
1