Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Менскі гарадзкі выканкам і арганізатары шэсцья “Супраць дыктатуры й выбарчага фарсу” прыйшлі да паразуменьня адносна маршруту заўтрашняе маніфэстацыі…

Такім чынам, рух калёны пачнецца ад станцыі мэтро “Акадэмія навук” а 15-й гадзіне. Удзельнікі акцыі пройдуць праспэктам Францішка Скарыны, вуліцамі Варвашэні й Багдановіча на пляцоўку ля Опэрнага тэатру, дзе адбудзецца мітынг. Сёньня ж прадстаўнікі ўладаў афіцыйна гарантавалі захаваньне парадку на заўтрашняй акцыі.

Вынікамі сёньняшніх перамоваў у Менскім гарадзкім выканкаме задаволеныя абодва бакі. Арганізатары акцыі падкрэсьліваюць, што дамагліся прынцыповае ўмовы — маніфэстацыя мусіць прайсьці па галоўнай вуліцы гораду — праспэкту Францішка Скарыны.

Чыноўнікі зазначаюць, што знойдзены кампраміс ёсьць доказам усталяваньня ў Беларусі гэтак званае “атмасфэры даверу” напярэдадні парлямэнцкіх выбараў.

Памочнік Аляксандра Лукашэнкі Аляксандар Сазонаў у інтэрвію карэспандэнту радыё Свабода паведаміў, што часам перамоваў афіцыйны бок вылучыў дадатковыя ўмовы:

(Сазонаў: ) “Мы з боку ўлады высоўвалі патрабаваньне адсутнасьці лёзунгаў і плякатаў, якія б абражалі гонар і годнасьць кіраўніка дзяржавы. Паколькі арганізатары дэкляруюць мірны характар акцыі, мы прасілі, каб моладзь якая ўдзельнічае, не апранала на твар маскі й не стварала вобразу баевікоў”.

Аляксандар Сазонаў запэўніў, што арганізатары акцыі пагадзіліся з гэтымі умовамі.

А так адкамэнтаваў умовы, вылучаныя афіцыйным бокам, лідэр Беларускага Народнага Фронту Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Натуральна, гэтага гарантаваць мы не маглі, бо ёсьць сваё разуменьне свабоды слова, і, натуральна, людзі будуць выказваць сваё меркаваньне”.

Паводле словаў спадара Сазонава, улады гарантуюць захаваньне парадку пад час шэсьця й мітынгу:

(Сазонаў: ) “Мы са свайго боку зробім усё, каб міліцыя працавала ў звычайным рэжыме. А колькасьць прастаўнікоў сілавых структураў была б такой, каб можна было падтрымліваць парадак. Ніякіх дадатковых сілаў, акрамя як на забясьпячэньне парадку”.

Напярэдадні старшыня Менскага гарадзкога выканкаму Міхал Паўлаў заявіў журналістам, што рашэньне ўладаў гораду адносна маршруту шэсьцья “Супраць дыктатуры й выбарчага фарсу” ні ў якім разе зьмененае ня будзе. Імкненьне ўладаў знайсьці паразуменьне з агранізатарамі акцыі, якое нечакана зьявілася сёньня апоўдні, Вінцук Вячорка тлумачыць так:

(Вячорка: ) “Бясспрэчна, прысутнасьць гасьцей у Беларусі адыграла сваю ключавую ролю. Лукашэнка хоча, каб не разбурыць рэшткі свайго, калі ён яшчэ ёсьць, цывілізаванага іміджу”.

У сваю чаргу Аляксандар Сазонаў завочна пагадзіўся, што вырашальную ролю ў сёньняшнім рашэньні Менскага гарадзкога выканкаму адыграла прысутнасьць у Беларусі прадстаўнікоў шматлікіх міжнародных структураў і журналістаў.

Ягор Маёрчык, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG