Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


З майго дзяцінства мне ўзгадваецца адзін выпадак, калі мяне прыймалі ў піянэры. Вучыўся я тады ў 25-й Менскай школе – гэта была вельмі добрая школа з ангельскай мовай з першай клясы. Нас вельмі доўга рыхтавалі да гэтай падзеі – казалі, што гэта вельмі важна. Мы падрыхтавалі ўзоры клятвы, якую мы павінны былі зачытаць, усё адбылося сьвяточна, нам павязалі піянэрскія гальштукі.

А пасьля заняткаў мы пайшлі ў групу падоўжанага дня, бо мае бацькі абодва працавалі, мяне не было з кім пакінуць, і я хадзіў у такую групу. Там мы рыхтавалі хатнія заданьні. І я памятую, што сьпісаў у некага задачку па матэматыцы. А адзін хлопчык – такім уедлівым паскудным голасам – сказаў: “А я распавяду настаўніцы, што ты сьпісаў!” Мяне гэта вельмі раззлавала, бо якая яму справа? І я схапіў яго за каўнер, мы пачалі тузацца – дзеці ў такім узросьце ня б’юцца, а тузаюцца на падлозе.

Урэшце, я яму парваў гальштук. Тут прыйшла настаўніца, пачала лаяцца: маўляў, як я мог парваць гальштук? І сказала: “За гэта ты свой гальштук аддасі яму!” Зь мяне зьнялі гальштук, аддалі хлопцу, які румзаў, а я застаўся бяз гальштука. Думаў: што ж я буду рабіць – трэба ж дахаты ісьці? Уявіў, як прыйду дахаты, а маці cкажа: “А дзе ж твой гальштук, сынок?” Баяўся, што бацькі будуць моцна сварыцца: “Ну, вось, цябе толькі ў піянэры прынялі, а ты адразу гальштук рвеш!”

Мы зь сябрамі доўга думалі, як вырашыць гэтую праблему. Адзінае выйсьце было: знайсьці недзе 70 капеек і проста набыць яго ў краме. Але ж дзе ўзяць грошы? Нарэшце, адзін знаёмы пайшоў да свайго брата, выпрасіў у яго гэтыя 70 капеек, мы набылі гальштук, я прыйшоў у ім дадому -–мае бацькі нічога не даведаліся.

Прайшло шмат часу, але гэтая гісторыя ўвесь час узгадваецца. Ня тое, каб у мяне былі злыя бацькі – але сапраўды я баяўся, што мне дастанецца дома. І перажываў не зь ідэалягічных нейкіх матываў – маўляў, вось я які недастойны, зьмена партыі, а парваў гальштук – а таму, што маці будзе лаяцца.

Валяньцін Стэфановіч

XS
SM
MD
LG