Прызнаньне або непрызнаньне легітымнасьці новага беларускага
пралямэнту шмат у чым будзе вызначацца пазыцыяй парлямэнцкае “тройкі” —
гэта значыць ПА АБСЭ, Рады Эўропы і Эўрапарлямэнту.
Афіцыйны візыт прадстаўнікоў “тройкі” ў Беларусь заплянаваны на пэрыяд
з 12 па 17 кастрычніка. Але сёньня ў Менск прыбыў прадстаўнік толькі аднае
з трох міжнародных арганізацыяў Адрыян Севярын.
У другой палове дня 12 кастрычніка ў Менск прыляцеў кіраўнік адмысловае
рабочае групы ў справах Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Адрыян Севярын,
які раней неаднаразова наведваў краіну. Але сёньня спадар Севярын упершыню
зьявіўся ў Менску, як старшыня Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, — на гэтую пасаду
ён быў абраны ў ліпені.
Узяцца адразу ж за справы спадару Севярыну не прыйшлося, паколькі спазьняюцца
ягоныя партнэры па “тройцы” Вольфганг Бэрандт (дакладчык у справах Беларусі
ПА Рады Эўропы) і Ян Вірсма (кіраўнік падкамітэту ў справах Беларусі Эўрапарлямэнту.
Яны прыбудуць у Менск толькі ў пятніцу. І таму папярэдняя праграма знаходжаньня
ў Беларусі высокіх міжнародных чыноўнікаў цяпер тэрмінова зьмяняецца. Напрыклад,
сустрэча тройкі з Кансультацыйнай радаю апазыцыйных палітычных партыяў,
якая мусіла была пачацца ўранку 13 кастрычніка, адбудзецца толькі ўвечары.
Акрамя таго, адміністрацыя Лукашэнкі пакуль не дае яснага адказу, з
кім будуць сустракацца міжнародныя чыноўнікі. Паводле самых апошніх зьвестак,
пакуль вырашана толькі, што іх будзе абавязкова прымаць міністар замежных
справаў Урал Латыпаў. Сярод іншых называюць прозьвішчы Лукашэнкі, Ярмошына,
Мясьніковіча.
У папярэдняй праграме заплянаваныя таксама сустрэчы “тройкі” зь Лідзіяй
Ярмошынай, прадстаўнікамі праваабарончых арганізацыяў, аналітычных цэнтраў,
Цэнтральнае каардынацыйнае рады грамадзкіх аб’яднаньняў у назіраньні за
выбарамі ды іншымі.
А сёньня ў Адрыяна Севярына толькі адна праграма — ён вячэрае з акрэдытаванымі
ў Беларусі амбасадарамі краінаў, што ўваходзяць у Парлямэнцкую асамблею
АБСЭ. На просьбу пра інтэрвію старшыня ПА АБСЭ адказаў, што яму яшчэ трэба
агледзецца ў Беларусі.
Уладзімер Глод, Менск
Самае папулярнае
1