Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Амбасадар ЗША ў Пастаяннай Радзе Арганізацыі ў справе бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе Дэвід Джонсан выказаў заклапочанасьць сытуацыяй у Беларусі і выказаў меркаваньне, што “у цяперашніх умовах цяжка зразумець, якім чынам у Беларусі могуць адбыцца вольныя, справядлівыя і празрыстыя выбары”.

Як паведамляе Інтарфакс, Дэвід Джонсан заявіў, што, ўлічваючы “арышты людзей, якія выступаюць за байкот выбараў, прысутнасьць міліцыі і відэакамэраў на дэманстрацыях, адмову ў рэгістрацыі прадстаўнікам апазыцыі паводле такіх нязначных прычынаў, як не прыгаданае ў дэклярацыі атрыманьне сумы, эквівалентнай палове амэрыканскага даляру, мы павінныя пагадзіцца з высновай Бюро ў справе дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ, што мірны пэрыяд не дасягнуты”.

Амбасадар ЗША ў Пастаяннай Радзе АБСЭ Дэвід Джонсан перакананы, што Трэцяя тэхнічная канфэрэнцыя эўрапейскіх інстытутаў у Вене 30 жніўня мела рацыю, калі выказала рэкамэндацыю устрымацца ад назіраньня за гэтымі выбарамі, і ніхто не павінен “тэндэнцыйна тлумачыць прысутнасьць міжнародных экспэртаў як іх легітымізацыю”.

У сваім выступе ў Пастаяннай Радзе АБСЭ Дэвід Джонсан заклікаў прадстаўнікоў Бюро ў справе дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ, Кансультацыйна-назіральную групу АБСЭ ў Менску і парляманцкую “тройку” зрабіць сумесную заяву, у якой прагучала б праўдзівая ацэнка дзеяньняў беларускіх уладаў ў справе выкананьня міжнародных стандартаў.

XS
SM
MD
LG