Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт ня зьменіць свайго рашэньня адносна мейсца правядзеньня вулічнай акцыі «Супраць дыктатуры й выбарчага фарсу», што маецца ладзіць апазыцыя 14 кастрычніка. Пра гэта заявіў журналістам старшыня Менскага гарадзкога выканкаму Міхал Паўлаў.

Ён таксама паведаміў, што ўсе выходныя — 14 кастрычніка (у дзень плянуемай акцыі) і 15-га (пад час працы выбарчых участкаў) — гарадзкая міліцыя будзе працаваць у звычайным для яе рэжыме.

Міхал Паўлаў прызнаўся, што палітыкаю не займаецца. Сваім асноўным абавязкам ён лічыць вырашэньне эканамічных і сацыяльных праблемаў гораду. На пытаньне, ці перагледзіць Менскі гарадзкі выканкам сваё рашэньне пра мейсца правядзеньня вулічнае маніфэстацыі 14 кастрычніка, спадар Паўлаў адказаў: “Не”.

Ён цалкам згодны з рашэньнем сваіх падначаленых зьмяніць маршрут шэсьця, а менавіта: накіраваць удзельнікаў акцыі ад станцыі мэтро «Акадэмія навук» не на пляц Незалежнасьці, а ў парк «Дружбы народаў».

(Паўлаў: ) «У нас сёньня вуліцы для таго, каб па іх рухаўся транспарт. У нас тратуары, каб па іх рухаліся пешаходы».

Міхал Паўлаў запэўніў журналістаў, што 14 кастрычніка пад час маніфэстацыі “Супраць дыктатуры й выбарчага фарсу” сілавыя структуры Менску будуць працаваць у рэжыме звычайнага працоўнага дня. У наступную суботу ў Менску будуць наладжаныя шматлікія восеньскія кірмашы, і, як выказаўся старшыня сталічнага выканкаму, міліцыянты будуць ня толькі сачыць за апазыцыянэрамі, але й ахоўваць кірмашы.

Ягор Маёрчык, Менск

XS
SM
MD
LG