Працягваюцца пікеты й раcпаўсюд улётак і газэтаў з заклікам да байкоту
выбараў. Сёньня ў Менску насупраць будынку КГБ, калі агітатары раздавалі
газэты, іх затрымала міліцыя.
Насупраць будынку КГБ, побач з помнікам Феліксу Дзяржынскаму, супрацоўнікі
міліцыі, якіх сёньня было шмат у гэтым мейсцы ў сувязі з футбольным матчам,
затрымалі трох агітатараў за байкот выбараў: Андрэя Сінякова, Алеся Садоўскага
і Яна Росьліка. Іх адвезьлі ў Ленінскі аддзел міліцыі ды ўтрымлівалі там
да апошняга часу. Да гэтых затрыманых далучыліся яшчэ некалькі чалавек
з другога пікету, які пачаўся на гадзіну пазьней. Пад час гэтай акцыі я
зьвярнулася да мінакоў:
(Карэспандэнт: ) “Як Вы ставіцеся да гэтага? Ці пойдзеце на выбары?”
(Мужчынскі голас: ) “Канешне, не пайду. Стаўлюся да гэтага натуральна
і нармальна. На гэтых выбарах звычайнаму чалавеку, ня тое што звычайнаму,
проста нармальным людзям няма чаго рабіць. Бо гэтая Палата прымае законы,
і справа ня ў тым, што яна прымае, а ў тым, што любыя законы, якія яны
прымаюць, перакрэсьліваюцца ўказам прэзыдэнта. Навошта нам такі парлямэнт?
Я думаю, што нам найперш трэба чакаць прэзыдэнцкіх выбараў, зваліць Лукашэнку,
а пасьля гэтага рабіць нармальны парлямэнт”.
(Карэспандэнт: ) “Ці пойдзеце Вы на выбары?”
(Мужчынскі голас: ) “Не, не. А што там рабіць? На вёску паеду, маці
памагу лепш”.
(Карэспандэнт: ) “Вы футбольныя фанаты?”
(Галасы: ) “Так, так”.
(Карэспандэнт: ) “Пойдзеце на выбары?”
(Голас: ) “Пойдзем, не пытаньне. Усё зробім.”
(Голас паджылай жанчыны: ) “Пойду. Таму што гэта абавязак. Трэба прагаласаваць.)
(Голас паджылага мужчыны: ) “Трэба, відаць. Трэба абіраць, таму што
гэта грошы народныя”.
(Голас маладога чалавека: ) “Ну, я прачытаю плякацікі гэтыя, а пасьля
– паглядзім. Шчыра кажучы, я на апошнія не хадзіў. Ды й на гэтыя асаблівага
жаданьня йсьці няма”.
(Голас мужчыны: ) “Не пайду, бо я лічу, што зараз у руля краіны стаіць
магілеўская банда злачынцаў. А гэта… Не пайду за іх!”
(Голас маладога чалавека: ) “Не, ня пойдзем! Байкот – 2000”
А 9-й гадзіне ўвечары ўсіх затрыманых адпусьцілі, а газэты сканфіскавалі.
Любоў Лунёва, Менск
Самае папулярнае
1