Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У другой палове дня ў Менск прыляцеў кіраўнік Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека Жэрар Штудман. Ягонае зьяўленьне зноў зрабіла актуальнай заблытаную тэму — наконт статусу замежных грамадзянаў, якія прыяжджаюць у Беларусь, каб назіраць за выбарамі.

Афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі штодня паведамляюць пра павелічэньне колькасьці міжнародных назіральнікаў, якія будуць адсочваць парлямэнцкія выбары. Напрыклад, паводле газэты «Советская Белоруссия» за 10 кастрычніка, у Цэнтравыбаркаме акрэдытаваныя каля 140 міжнародных назіральнікаў. У сёньняшнім нумары газэта паведамляе ўжо пра 170 назіральнікаў.

Між тым, падобна, што гэтыя лічбы растуць штучна. Для прыкладу, інфармацыя са спасылкаю на Цэнтральную выбарчую камісію пра тое, што сярод акрэдытаваных міжнародных назіральнікаў супрацоўнікі тэхнічнае місіі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ, выклікала рэзкую рэакцыю з боку кіраўніцы місіі Элізабэт Расмусан. Яна чарговы раз вымушаная тлумачыць, што ейныя падначаленыя ня маюць статусу міжнародных назіральнікаў.

У лісьце спадарыня Расмусан паведамляе (далей цытую ліст, копія якога дасланая Лідзіі Ярмошынай):

«Місія тэхнічнай ацэнкі не зьяўляецца назіральнаю. Нашыя экспэрты, якія прыехалі ў Беларусь у верасьні, былі акрэдытаваныя Цэнтральнай выбарчай камісіяй як сябры Місіі тэхнічнай ацэнкі. З таго часу ніякіх зьменаў у нашым статусе не адбылося. Мы працуем ў рамках Высноваў і Рэкамэндацыяў трэцяй тэхнічнай канфэрэнцыі, якая адбылася ў Вене 30 жніўня. Місію цікавіць перадвыбарны пэрыяд выбарчае кампаніі, таму яна ня будзе накіроўваць назіральнікаў у дзень выбараў, а таксама не зьбіраецца прысутнічаць на выбарчых участках у час датэрміновага галасаваньня».

З дапамагою аднаго з супрацоўнікаў Цэнтравыбаркаму ўдалося высьветліць, што яшчэ 11 верасьня камісія прыняла адмысловую пастанову, згодна зь якой для сябраў місіі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека зроблена выключэньне, і яны ня лічацца міжнароднымі назіральнікамі. Але навошта ж спатрэбілася такая пастанова, і чаму яе так доўга хавалі ад грамадзкасьці?

Справа ў тым, што іншага статусу, акрамя міжнароднага назіральніка, артыкул 13 Выбарчага кодэксу для замежных грамадзянаў проста не прадугледжвае. Згодна з законам, супрацоўнікаў Цэнтравыбаркаму не цікавяць нават паўнамоцтвы любога замежніка. Галоўнае, каб ён меў пасьведчаньне, што зьўляецца сябрам або парлямэнту, або міжнароднай арганізацыі… Вось адкуль бяруцца такія вялікія лічбы.

Больш таго, як высьвятляецца, усе лічбы даюцца на падставе нейкае папярэдняе рэгістрацыі, у якую ўключылі тых, хто быццам бы некалі пажадаў прыехаць у Беларусь. Вось самы сьвежы прыклад. У другой палове сёньняшняга дня ў Цэнтравыбаркаме мне паведамілі, што акрэдытаваныя ў якасьці міжнародных назіральнікаў ужо 188 асобаў. На самой жа справе да гэтага часу ў Менск прыехалі толькі некалькі чалавек зь дзьвюх краінаў — Італіі ды Латвіі.

Уладзімер Глод, Менск

XS
SM
MD
LG