Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У нядзелю ў Летуве адбыліся выбары ў Сойм. У хуткім часе будзе сфармаваны новы ўрад і абраны новы прэм’ер Летувіскае Рэспублікі. Як адаб’юцца гэтыя падзеі на стасунках Беларусі й Летувы, ці адбудуцца прынцыповыя зьмены ў двухбаковых узаемных дачыненьнях? Меркаваньні на гэты конт некаторых летувіскіх палітыкаў і Сямёна Шарэцкага…

Як вядома, у выніку парлямэнцкіх выбараў у Летуве большасьць мандатаў сяброў Сойму атрымала Сацыял-Дэмакратычная кааліцыя Альгірдаса Бразаўскаса. Як адзначыў кіраўнік інфармацыйнага цэнтру Кааліцыі і сябра Сойму Гедымінас Керкілас, прынцыповых зьменаў у замежнай палітыцы не адбудзецца.

Але спадар Кіркілас адзначыў, што апошнім часам пагоршыліся стасункі Летувы з Расеяй, Латвіяй і Нямеччынай. Таксама “ёсьць пэўныя праблемы” і зь Беларусьсю. Не выконваецца дамова наконт экспарту электраэнэргіі. Спадар Кіркілас калісьці быў адным з тых, хто заключаў гэтую дамову з былым прэм’ерам Беларусі Міхалам Чыгіром.

“Мы ня будзем дагаджаць Лукашэнку”, — зазначыў Гедымінас Керкілас, камэнтуючы будучыню беларуска-летувіскіх стасункаў. Дэмакратызацыя Беларусі, мяркуе спадар Керкілас, вельмі важная для Летувы менавіта з пункту гледжаньня сяброўства ў NATO.

Трэцяе месца паводле колькасьці мандатаў сяброў Сойму атрымаў “Новы Зьвяз” сацыял-лібэралаў Летувы на чале з былым генэральным пракурорам Артурасам Паўлаўскасам. Вось як пракамэнтавала для нашага радыё пэрспэктывы беларуска-летувіскіх дачыненьняў намесьнік кіраўніка палітычнага дэпартамэнту “Новага Зьвязу” Рамінта Гецавічэне:

“Асноўны прынцып нашае замежнае палітыкі — добрыя стасункі з усімі краінамі, а Беларусь зьяўляецца нашым суседам. У нас ёсьць некаторыя эканамічныя праблемы, — напрыклад, запазычанасьць Беларусі за электраэнэргію. Але я ня бачу праблемаў у стасунках паміж грамадзянамі нашых краінаў. А што тычыцца стратэгічнага партнэрства, дык мы бачым бясьпеку Летувы ў сяброўстве ў NATO, а эканамічную пэрспэктыву краіны — у ЭўраЗьвязе”, — зазначыла Рамінта Гецавічэне.

“Летува пачырванела” — так пракамэнтаваў вынікі парлямэнцкіх выбараў у Летуве старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Сямён Шарэцкі, які цяпер знаходзіцца ў Летуве. Але, тым ня менш, ён мяркуе, што прынцыповых зьменаў у летувіскай замежнай палітыцы на адбудзецца.

(Шарэцкі: ) “Вынікі выбараў – гэта воля літоўскага народа, і я хацеў бы адзначыць, што Літва ўжо на тым узроўні, калі выбары могуць адбывацца (і адбыліся) сапраўды дэмакратычныя. Заўжды яно так і бывае – адна групоўка мяняе іншую, адна больш правая, другая больш левая, але я думаю, што ў Літве дарога вызначаная, і яна будзе ісьці ў Эўропу”, — зазначыў Сямён Шарэцкі.

Ганна Соусь, Вільня–Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG